Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду па ўборачнай кампаніі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Па выніках нарады кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач перад профільнымі ведамствамі і кіраўніцтвам рэгіёнаў.

«З палёў павінны ўзяць 9,5 млн т» — Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе максімальнай аддачы пры правядзенні ўборачнай кампаніі.

«Разлікі на ўраджай добрыя. Прагназуецца, што валавы збор па ўсіх культурах можа быць вышэйшы за мінулагодні. Таму ад усіх патрабуецца максімальная аддача, каб усё, што ёсць на палях, у канчатковым выніку аказалася ў засеках. Трэба задзейнічаць усе існуючыя рэзервы. З палёў мы павінны ўзяць 9,5 млн т: і рапс, і кукуруза на зерне, і каласавыя, і грэчка, і проса. Ніжэй нельга! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба задзейнічаць і арганізаваць работу людзей і тэхнікі так, каб кампенсаваць тое, што мы страцілі ў мінулыя гады».

Залог поспеху — зладжаная арганізацыя работы, высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на нядрэнныя ўмовы, сёлетняя ўборачная кампанія няпростая: пасевы ў большасці выпадкаў высакарослыя, маюць добрую шчыльнасць, аднак рэзка адрозніваюцца па ступені выспявання. «Уборка збожжавых у гэтым годзе, як мяне інфармуюць спецыялісты, пачалася на дзесяць дзён пазней, чым звычайна. Значыць, асноўную ўборку трэба завяршыць на працягу двух тыдняў, а за дваццаць дзён мы адназначна павінны завяршыць уборку», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна складанасць, паводле яго слоў, звязана з тым, што работы па ўборцы збожжавых па часе накладваюцца на другі ўкос траў і масавую сяўбу пажніўных культур. «Таму другая задача: арганізаваць работу так, каб мы маглі ўбраць збожжавыя (вядома, у прыярытэце), але паралельна, як бы ні было складана, арганізаваць ва ўсіх гаспадарках масавую ўборку травяністых кармоў. І абавязкова (вільгаці дастаткова цяпер) пажніўна, паўкосна, дзе толькі магчыма высяваць травяністыя кармы для таго, каб атрымаць дадатковыя кармавыя адзінкі, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Адначасова неабходна ўбіраць лён. Такі звышнапружаны графік работ у перыяд уборачнай кампаніі бывае рэдка».

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць строгі кантроль за нарыхтоўкай ільнотрасты і льновалакна, вырошчваннем рапсу. «Рапс — гэта высокадаходная культура, вельмі рэнтабельная. Вы заўважылі, па Расіі вельмі вялікая гібель пчол у сувязі з тым, што пачалі высяваць у велізарнай колькасці рапс і не своечасова апрацоўваць хімічнымі прэпаратамі. Глядзіце, каб у нас гэтага не паўтарылася, таму што размова будзе вельмі кароткая», — папярэдзіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў насцярожанасць, што кантралюючыя органы па-ранейшаму выяўляюць шмат недахопаў і недапрацовак.

«Адкрытае галавацяпства, а часта — прыпіскі. Але гэта парушэнне ўжо закона, таму генеральнаму пракурору і міністру ўнутраных спраў трэба звярнуць на гэта ўвагу і строга патрабаваць. Нам не патрэбны гэтыя прыпіскі, яны ж грошай не даюць. Яны збіваюць з панталыку і перашкаджаюць планаваць будучыню. Гавораць, не хапае механізатараў, не на належным узроўні падрыхтаваны тэхніка і зернесушыльныя комплексы, ёсць цяжкасці з палівам», — акрэсліў кола праблем кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што забеспячэнне аграпрамысловага комплексу ў час уборачнай кампаніі палівам — гэта задача ўрада. «Прэм’ер-міністр павінен персанальна адказваць за забеспячэнне комплексу летне-асенніх работ у сельскай гаспадарцы палівам і ўсім неабходным. За тое, што залежыць ад цэнтра. Астатняе — гэта справа губернатараў», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён пацікавіўся ў губернатараў, якая рэальная абстаноўка з уборкай на месцах, чаму не забяспечана поўная гатоўнасць тэхнікі і чаму арганізацыям не хапае паліва, былі ж прыняты ўсе неабходныя рашэнні. «Хацеў бы пачуць аб’ектыўную карціну, асабліва ад Гомельшчыны. Мяне насцярожваюць невысокія тэмпы ўборкі на Гомельшчыне, і, самае галоўнае, колькі можна гаварыць пра нізкую ўраджайнасць у Гомельскай вобласці па збожжавых? Мы ж дамовіліся: калі ў вас дзесьці не растуць збожжавыя, каласавыя — высявайце кукурузу, калі кукуруза слаба расце — вырошчвайце збожжавыя, каласавыя і іншае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У селектарнай нарадзе прыняло ўдзел кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю. У абласных студыях на прамой відэасувязі з Прэзідэнтам знаходзіліся губернатары, памочнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі.

Як расказаў журналістам да пачатку нарады віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік, з боку ўрада, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкамаў істотных, нявырашаных праблем у частцы правядзення ўборачнай кампаніі няма.

«Сёння галоўная задача — убраць своечасова. І, вядома, мы ўсе чакаем надвор’я. Калі будзе добрае, арганізавана яе правядзём», — запэўніў ён.

Што датычыцца разлікаў на ўраджай, то Уладзімір Дворнік сказаў: «У гэтым годзе ўраджай будзе вышэйшы, чым у мінулым».

Такога ж меркавання прытрымліваецца міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько. «Думаю, што больш за восем мільёнаў тон (збожжа. — Заўвага БЕЛТА) павінны сабраць. Аграрыі вельмі асцярожныя ў прагнозах, агучванні лічбаў, — адзначыў ён. — Ураджай мы збяром адназначна вышэйшы за мінулагодні, сфарміруем і харчовую бяспеку, і забяспечым жывёлагадоўлю».

Для правядзення ўборачнай кампаніі задзейнічаны каля 40 тыс. чалавек. «Паралельна ідзе комплекс работ па ўборцы саломы, падрыхтоўцы да асенніх работ, да сяўбы рапсу, азімых культур, назапашванне ўгнаенняў, вываз арганікі. Гэта сапраўды вялікі спектр і аб’ём работ, — сказаў ён. — У гэтым годзе мы прыцягваем і студэнтаў, якія маюць адпаведную адукацыю, каб яны атрымалі практычны, вытворчы вопыт».

Міністр таксама запэўніў, што ў гаспадарках ёсць дастатковыя запасы паліва. «Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта выдзелены крэдытныя рэсурсы, існуюць запасы паліва з разліку прыкладна на 21 дзень наперад», — растлумачыў ён.

Лукашэнка патрабуе звярнуць сур’ёзную ўвагу на якасць уборкі ўраджаю і ўтрыманне тэхнікі

Звяртаючыся да старшынь аблвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «звярнуць сур’ёзную ўвагу на якасць уборкі».

«Звяртаю вашу ўвагу на страты. Вазьміце гэта на кантроль», — даручыў губернатарам Прэзідэнт. Паводле мінімальных ацэнак, страты ў час уборачнай складаюць паўмільёна тон, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Асабліва ён вылучыў цэнтральныя і паўночныя раёны, якія яшчэ масава вядуць уборку азімага рапсу. «Там страты вялікія», — выказаў занепакоенасць Прэзідэнт і запатрабаваў не забываць аб захаванні тэхналогіі.

«Ураджай трэба ўбраць з мінімальнымі стратамі, а лепш без іх, калі гэта магчыма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці аднавіць паўтара-двухгадовы запас травяністых кармоў.

Да гэтага часу збожжавыя і зернебабовыя ўбраны прыкладна на 20 працэнтах плошчаў. «Праз дзень-паўтара трэба гераічна весці ўборку, каб за тыдзень мы выйшлі за 60 працэнтаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У час селектарнай нарады закраналася пытанне забеспячэння гаспадарак тэхнікай, палівам. «Што датычыцца куплі камбайнаў, мы звернем на гэта ўвагу», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы агучыў галоўнае патрабаванне — нармальнае ўтрыманне тэхнікі. Кантраляваць гэта — адна з функцый міліцыі, КДК, пракуратуры.

Лукашэнка: дзяржрэзерв збожжа трэба давесці да 500 тыс. т

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным па выніках уборачнай кампаніі давесці аб’ёмы дзяржаўнага рэзерву збожжа да 500 тыс.т.

«У мінулым годзе ўсе рэзервы, якія былі ў нас па збожжы, мы аддалі. Рэзерваў амаль няма. У бягучым годзе дзяржзаказ — пытанне пытанняў. Усё, аб чым мы дамовіліся з сялянамі, трэба выканаць, выкупіць у іх збожжа і пакласці ў тым ліку ў рэзерв. У гэтым і наступным годзе мы павінны аднавіць рэзервы, якія ў нас былі. Нам трэба сабраць мільён тон, каб мець рэзерв і накарміць народ. Праблем не будзе, каб людзі былі з хлебам. У гэтым годзе ў нас добры ўраджай, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але хацелася б, каб яшчэ і рэзерв (дзяржаўны рэзерв збожжа. — Заўвага БЕЛТА) быў не 200-300, а можа, паўмільёна тон».

Такі ўзровень непарушных запасаў, на думку Прэзідэнта, дае ўпэўненасць у забяспечанасці збожжавымі на выпадак неўраджаю і магчымасць атрымаць дадатковую валютную выручку пры неабходнасці. «Гэта ж грошы, валюта. Калі збожжа ў засеках ёсць, у рэзерве — гэта валюта. І хто гарантуе, што ў нас праз год, праз два зноў не будзе засухі, як у мінулым годзе, і мы не атрымаем ураджай? Ніхто не гарантуе. Таму рэзерв трэба аднавіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў няўхільнага выканання дзяржзаказу па збожжы. «Дзяржзаказ — гэта жалезабетонна. Нікога не трэба ўгаворваць. Усе (аблвыканкамы. — Заўвага БЕЛТА) заключылі дагаворы і праавансаваны. Таму, каб не было потым размоў, што дзяржзаказ не выкананы. Мільён тон — гэта для краіны амаль нічога. Я ўпэўнены, што некаторыя сяляне ў бягучым годзе будуць гатовы прадаць і больш. Галоўнае, каб мы маглі ў іх купіць гэта збожжа», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прапануе павялічыць пасевы гібрыднага жыта

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу губернатараў на добрую якасць гібрыднага жыта, яго ўстойлівасць да ўмоў надвор’я і прапанаваў пераймаць вопыт Віцебскай вобласці па вырошчванні гэтай культуры. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, як ідуць справы з пасевамі гібрыднага жыта. Губернатар далажыў, што яго вырошчваюць у Віцебскай вобласці пяты год ужо, цяпер ім заняты плошчы ў памеры 10 ц/га. Ураджайнасць гэтай культуры вельмі высокая: нават пры няпоўным выкананні тэхналогій яна складае 70-80 ц/га.

Прэзідэнт расказаў, што асабіста назіраў за станам пасеваў гібрыднага жыта і застаўся задаволены ўбачаным. «Мяне ўразіла гэта культура, — прызнаўся ён. — Была спёка страшная, ведаю, што там пяскі (на полі, дзе пасеяна жыта. — Заўвага БЕЛТА). Я ўражаны быў, як пераносіць гібрыднае жыта наш клімат. Выдатна. Нідзе не палягло. Роўненька, як салдаты, стаіць гэта жыта».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніцтву ўсіх рэгіёнаў звярнуць увагу на гэту культуру, вывучыць вопыт Віцебскай вобласці і пры неабходнасці расшырыць плошчы пасеваў гібрыднага жыта. Тым больш што на рынку ёсць попыт на збожжавыя, пры лішку ўраджаю жыта заўсёды можна будзе прадаць. «Калі нам не трэба столькі жыта, мы яго заўсёды прададзім на рынку. Паглядзіце на гэты вопыт і потым мне далажыце», — сказаў Прэзідэнт.

Вырошчванне гібрыднага дыплоіднага жыта вядзецца, у прыватнасці, на эксперыментальным полі гаспадаркі «Александрыйскае», якую часта называюць прэзідэнцкай. Кіраўнік дзяржавы, сапраўды, рэгулярна наведвае палі гэтай гаспадаркі і асабіста курыруе ход сельскагаспадарчых работ.

Лукашэнка аб рабоце губернатара Магілёўскай вобласці: вы ўсё ж такі даб’яцеся пералому

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю, пазітыўна ацаніў меры, якія ім прымаюцца ў аграрнай сферы.

«Тыя дамоўленасці, якія ў нас з вамі дасягнуты, вытрымліваеце. Вы слова ў слова далажылі аб тым, аб чым мы з вамі дамаўляліся. Гэта сведчыць аб тым, што вы ўсё ж такі даб’яцеся пералому ў Магілёўскай вобласці, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае, што вы разумееце, што трэба рабіць. Тое, што вы знайшлі людзей (губернатар расказаў аб вырашэнні праблем з кадрамі. — Заўвага БЕЛТА), — добра. У Магілёўскай вобласці заўсёды было нялёгка з кадрамі. Проста трэба знайсці гэтых людзей, якія хочуць і ўмеюць працаваць, добра ім заплаціць».

«Праблемы заўсёды былі, ёсць і будуць. Але ў нас людзі ў вёсцы не адвучыліся працаваць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аграрыі ўсіх рэгіёнаў у сваёй дзейнасці павінны ўлічваць змяненні клімату: «Нельга працаваць традыцыйна, як мы 20-30 гадоў таму працавалі. А ў нас гэта інерцыя яшчэ захоўваецца».

Прэзідэнт таксама даручыў звярнуць больш пільную ўвагу на эксперыментальныя палі па вырошчванні збожжавых культур і шырэй распаўсюджваць існуючы перадавы вопыт.

Лукашэнка ў бліжэйшы час плануе наведаць Гомельскую вобласць

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не першы раз ужо звяртае ўвагу кіраўніцтва вобласці на неабходнасць перагляду структуры пасяўных плошчаў у сувязі са змяненнем клімату. «Пачынайце планаваць, што і дзе вы будзеце сеяць, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Трэба своечасова ўсё рабіць».

«У бліжэйшы час буду ў вас. Рыхтуйцеся, мы абмяркуем гэтыя праблемы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён запатрабаваў, каб у час паездкі яму дакладвалі не аб ходзе ўборачнай, а аб тым, што будзе заўтра.

У час селектара Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ўраджайнасцю рапсу ў Гомельскай вобласці. Яна, як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, склала 10,7 ц/га. «Гэта страты. Не расце рапс — не вырошчвайце яго», — адзначыў Прэзідэнт.

«Сёння ў Гомельскай вобласці няма вырошчваемых стратных культур — ёсць жорсткае парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны і падбору адпаведных глеб», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ураджайнасць збожжавых у Гомельскай вобласці не перавышае 25 ц/га. «Гэта ненармальная сітуацыя, таму сёння ўжо трэба думаць, як дзейнічаць заўтра. Для вас адзінае выратаванне ў папаўненні збожжавага балансу — гэта кукуруза», — лічыць Прэзідэнт. Ён дадаў, што ад якасці яе ўборкі на зерне залежыць забяспечанасць бялковымі кармамі жывёлы і птушкі.

«Выканаць жалезабетонна» — якія задачы паставіў Лукашэнка на ўборачную кампанію

Выкананне плана — закон

Завяршаючы селектар, кіраўнік дзяржавы нагадаў удзельнікам нарады аб планах на сёлетнюю ўборачную кампанію: збожжавых і зернебабовых неабходна сабраць 8,672 млн т, рапсу — 766,3 тыс. т, ільновалакна — 52,6 тыс. т, цукровых буракоў — каля 5 млн т, кукурузы на зерне — 1,717 млн т, бульбы — 1,1 млн т, агародніны — каля 600 тыс. т.

«Гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Выкананне плана, які вызначаны, — закон».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кантралюючыя органы павінны звяртаць увагу не на колькасць камбайнаў, якія ўдзельнічаюць у работах, а на выкананне плана на ўборачную. «Дзяржзаказ, нарыхтоўка, якасць недзе паглядзець — гэта галоўнае. А мы ходзім па пятах і расказваем, калі сеяць, як сеяць, калі ўбіраць, якой тэхнікай, — яны гэта ўжо даўно прайшлі і забылі. Таму давайце арыентавацца на асноўныя моманты», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Папоўніць кармавы рэзерв

«Мы ў мінулым неўраджайным годзе за зіму з’елі ўсе запасы: і не толькі збожжа, але і травяністых кармоў, якія ляжалі ў траншэях, у курганах. Трэба гэты рэзерв папоўніць», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў кожнай гаспадарцы неабходна запасці кармоў на паўтара-два гады. «І сакавітых, і сухіх», — дадаў ён.

«Запатрабаванне будзе вельмі жорсткае, калі вы, не дай бог, праваліце ўвод у строй сянажных траншэй. Мы гаворым: трэба нарыхтаваць, трэба нарыхтаваць. Але якасных кармоў у курганах мы не атрымаем — патрэбны траншэі. І гэты план ёсць, ён павінен быць выкананы. Пакуль па гэтым годзе ён выконваецца працэнтаў на 10-15», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паліва — асабістая адказнасць прэм’ер-міністра

«Па паліве мы дамовіліся — гэта адказнасць урада і асабіста прэм’ер-міністра. Па паліве і ўгнаеннях шукайце схемы: як толькі магчыма, трэба падтрымаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама даручыў пры неабходнасці падтрымаць гаспадаркі збожжаўборачнай тэхнікай, але пры гэтым забяспечыць кантроль за яе правільным захоўваннем.

«Юрый Хаджымуратавіч (міністр унутраных спраў Юрый Караеў. — Заўвага БЕЛТА), калі ласка, падключыцеся да гэтага працэсу. Зрабіце, як вы правялі II Еўрапейскія гульні: нідзе не было відаць міліцыі, а парадак быў ідэальны», — паставіў кіраўнік дзяржавы задачу міністру ўнутраных спраў.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на прафілактыку ДТЗ, учыненых па віне нецвярозых вадзіцеляў: «П’яніц дастаткова. Законы дазваляюць з імі разабрацца належным чынам, асабліва ва ўборачную кампанію. Сеў за руль у п’яным выглядзе — галаву страціў. Паколькі ён паслязаўтра загубіць некалькі чалавек».

Новыя тэхналогіі — паратунак для гультаёў

«Я ўжо гаварыў віцэ-прэм’еру, хачу, каб гэта пачулі губернатары: рулонны прэс, палімерная плёнка — гэта паратунак не толькі пры нарыхтоўцы травяністых кармоў, сенажу і іншага, гэта паратунак для гультаёў. Траву скасіў, у валок згарнуў і скруціў у рулон і ў плёнку, унёс кансервант і, калі не можаш своечасова звезці, — гэта ўжо кармы, і прытым добрыя», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць выпадкі, калі гэтыя прэсы толькі стаяць пад плотам, паколькі на іх проста не ўмеюць працаваць. Ён сказаў, што ўся гэта тэхніка павінна быць задзейнічана ў час уборачнай. «Гэта ўжо адносна новыя тэхналогіі, і іх трэба больш актыўна асвойваць. Кожнай гаспадарцы, дзе вы лічаце патрэбным, давесці, колькі закруціць сенажу ў палімерную плёнку, — гэта паратунак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што тэарэтычна рэальна выйсці на ўраджай і 10 млн т, калі ўсё акуратна ўбраць і перавыканаць план па кукурузе, сабраўшы каля 2 млн т зерня. Аднак для гэтага важна тэхналагічна правільна высушыць яе. «Мы таксама ведаем, як гэта рабіць: плюшчыце кукурузу і закладваеце ў поліэтыленавыя рукавы. Мы ведаем, колькі ў нас плюшчылак, іх прадукцыйнасць, мы вырабляем у краіне поліэтыленавыя рукавы — ужо дэфіцыту няма, — звярнуў ён увагу. — Гэта танна, трэба гэтым займацца».

Без дысцыпліны — нічога не выканаць

На думку Аляксандра Лукашэнкі, дабіцца высокіх вынікаў у час уборачнай кампаніі можна толькі пры адпаведнай дысцыпліне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць барацьбу з п’янствам у гаспадарках. «Трэба дапамагчы кіраўнікам, таму што размовы, што рынак усё адрэгулюе, нас прывядуць не туды, — лічыць ён. — Асаблівую ўвагу — утрыманню тэхнікі. Гэта найважнейшае пытанне, гэта велізарныя грошы».

Прэзідэнт рэзюмаваў, што правядзенне ўборачнай кампаніі, якой удзяляецца павышаная ўвага, не павінна перашкаджаць асенняй сяўбе, тым больш пакуль надвор’е спрыяе гэтым работам.

Па матэрыялах БелТА.