Шматдзетная маці спажывала… наркотыкі

За першае паўгоддзе 2019 года ў нашым раёне ўзбуджана шэсць крымінальных спраў па фактах незаконнага звароту наркотыкаў – па ч.1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. У мінулы год за адпаведны перыяд была ўзбуджана толькі адна падобная крымінальная справа. Прыкра, але сярод шасці фігурантаў крымінальных спраў ёсць і 27-гадовая маці трох дзяцей, жыхарка Івацэвічаў, якая трапіць на лаву падсудных за спажыванне марыхуаны.

Дарэчы, гэтая жанчына тлумачыла праваахоўнікам, што спажываючы наркотык, яна такім чынам “…знаходзіла выхад, бо асабістае жыццё не атрымліваецца, муж злоўжывае спіртным”. Будзем спадзявацца, што гэтая жанчына зробіць належныя вывады і будзе шукаць нейкія іншыя “запасныя шляхі” са складанай жыццёвай сітуацыі, бо так, у рэшце рэшт, можна і поўнасцю залежнай наркаманкай стаць. 

У раёне праходзіць спецыяльная праграма “Мак”, у ходзе якой супрацоўнікі райаддзела міліцыі вядуць кантроль за тым, каб каноплі і мак не раслі ні на ўчастках грамадзян, ні на пустках ці няўдобіцах. Ужо два жыхары раёна прыцягнуты да адказнасці і заплацілі штраф за тое, што дазволілі сабе вырошчваць мак у агародах. Прашу юрыдычных і фізічных асоб з разуменнем аднесціся да нашай работы: гэтыя культуры знаходзяцца па-за законам. Калі вы валодаеце інфармацыяй аб тым, што мак або каноплі растуць на ўчастках, у лясных масівах, на пустках і іншых месцах, то тэлефануйце, калі ласка, па наступных нумарах тэлефонаў: 2-46-44, 102, 8 (033) 608-27-94. Ананімнасць гарантуецца.

Аляксандр СУХАВЕР, старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Івацэвіцкага РАУС.