Гандляваў сельмаг… не маркіраванай гарэлкай

Супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС наведаліся ў Любішчыцы з мэтай удакладніць некаторыя абставіны адміністрацыйнай справы. Падчас разбіральніцтваў звярнулі ўвагу, што ў галоўнага фігуранта «адміністратыўкі» на стале знаходзяцца тры бутэлькі гарэлкі – усе расійскай вытворчасці, не маркіраванай ва ўстаноўленым парадку акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.

Міліцыянеры зацікавіліся: як у вас аказалася гэтая гарэлка? Пачулі адказ: купіў… у сельмагу Любішчыцаў. Супрацоўнікі РАУС «нагрянули» ў сельмаг, прадавец з абурэннем адказвала, што такога не можа быць. Правялі агляд памяшканняў, у ходзе якога знойдзены каля 30 бутэлек гарэлкі расійскай вытворчасці, не маркіраванай ва ўстаноўленым парадку акцызнымі маркамі.
У адносінах да прадаўца складзены адміністрацыйны пратакол, справа накіравана ў суд. Жанчына-прадавец заплаціць штраф за такую «самадзейнасць» (ад 5 да 20 б. в.).
Дарэчы, раней, у 90-я гады, падобныя справы не былі рэдкасцю, а ў апошнія гады сітуацыя ў гандлі змянілася ў лепшы бок.
Прыкра, але гэты выпадак гандлю не маркіраванай гарэлкай у Любішчыцах – адзіны ў Брэсцкай вобласці за першае паўгоддзе 2019 года.
Карыстаючыся выпадкам, хачу папрасіць нашых грамадзян далучацца да работы міліцыі па выяўленні грамадзян, хто незаконна гандлюе спіртным. З пачатку года 2,5 тоны несанкцыянаванай гарэлкі і спірту канфіскавана (не ўлічваючы самагон і брагу). Давайце разам пастараемся выкараніць гэтую непрыгожую з’яву нашага жыцця. Калі вам вядомыя падобныя факты, тэлефануйце па нумарах 2-46-44 або 102. Ананімнасць гарантуецца.
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.