Целяханцы пацвердзілі высокі клас

У Пінску прайшлі абласныя спаборніцтвы «Лесаруб-2019», удзел у якіх бралі 15 каманд – з усіх лясгасаў Брэсцкай вобласці, а таксама з Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і госці з суседняй Польшчы.

Гэты конкурс прафесійнага майстэрства сярод вальшчыкаў лесу праводзяцца штогод, іх мэта – удасканальванне прафесійнай падрыхтоўкі і тэхнікі бяспекі падчас правядзення лесасечных работ. Таксама па выніках абласных спаборніцтваў вызначаецца калектыў лепшых вальшчыкаў, якія пасля будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах.  

Удзельнікі выконвалі практыкаванні: «Валка лесу», «Камбінаваны рэз», «Дакладная раскрыжоўка», «Абрэзка сукоў», «Эстафета вальшчыкаў», «Мантаж цэпа». Суддзі асаблівую ўвагу звярталі не толькі на хуткасць выканання, але і захаванне тэхнікі бяспекі. Нядзіўна: вальшчык лесу – адна з самых небяспечных прафесій у нашай краіне і не толькі.

І вось падвядзенне вынікаў. У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда ДЛГУ «Целяханскі лясгас». Наша каманда: вальшчык Клятнянскага лясніцтва Анатоль Скурчык, памочнік ляснічага Крайскага лясніцтва Леанід Лукашэвіч, вальшчык Руднянскага лясніцтва Міхаіл Пераходзька, юніёр Лагішынскага лясніцтва Дзмітрый Васюціч – вызначылася амаль у кожным практыкаванні, а Анатоль Скурчык, Міхаіл Пераходзька, Дзмітрый Васюціч, станавіліся пераможцамі або прызёрамі у той або іншай намінацыі. Ганарымся нашымі рабятамі!

На другім месцы Івацэвіцкі лясгас, на трэцім – Пружанскі.

Аляксандр ЖУК, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Целяханскі лясгас».