Сталеюць і жаніхі, і нявесты

У перыяд са студзеня па чэрвень 2019 года Івацэвіцкім аддзелам ЗАГС было зарэгістравана 145 шлюбаў. Сярэдні ўзрост жаніхоў склаў 32 гады, нявест – 30 гадоў. Як адзначыла начальнік аддзела ЗАГС Наталля Аўрусевіч, падыход да стварэння сям’і ў моладзі асэнсаваны.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема нетрываласці iнстытута сям’i. Усяго за гэты перыяд праз аддзел ЗАГС было зарэгістравана 19 актаў аб скасаванні шлюбу. Адсутнасць паразумення, непрыязныя адносіны адзін да аднаго, страта пачуцця любові, алкагольная залежнасць аднаго з сужэнцаў сталі прычынамі разбурэння сем’яў.

– У кожнай гісторыі – свае прычыны, свая праўда. Аднак ва ўсе часы на першым плане пры стварэнні сям’і былі адказнасць, уменне цярпець, дараваць, дапамагаць, адным словам — любіць. Калі ў нас будзе больш шчаслівых сем’яў, лепшым будзе наша грамадства, мацнейшай дзяржава,- адзначыла Наталля Аўрусевіч.

У стедзені-чэрвені 2019 года ў раёне зарэгістравана 237 нараджэнняў, з іх 120 хлопчыкаў, 117 дзяўчынак. Падвойнае шчасце ў выглядзе двойні прыйшло ў чатыры сям’і. Сярэдні ўзрост бацькі склаў 30 гадоў, маці – 28 гадоў.

Пры рэгістрацыі дзяўчынкам часцей давалі імёны Сафія, Аляксандра, Кацярына, Паліна. Найбольш папулярнымі імёнамі ў хлопчыкаў сталі Арцём, Аляксандр, Данііл, Ягор. Але некаторыя бацькі пайшлі далей і далі свайму дзіцяці больш арыгінальнае імя. Так, у раёне з’явіліся Тэона, Дарыяна, Даніэла, Алан, Дамір.

Што датычыцца смяротнасці ў раёне, то за перыяд студзень-чэрвень 2019 года было зарэгістравана 438 актаў аб смерці. Сярэдні ўзрост памерлых: мужчыны – 65 год, жанчыны – 78.

Яшчэ ЗАГСам разгледжана тры заявы аб змене імя чалавека. І што прыемна – састаўлены пяць запісаў актаў аб усынаўленні дзяцей.

Ганна Ільяшэвіч.