…А падобнае дапускаць нельга

У перыяд уборачнай кампаніі міліцыя асаблівыя намаганні накіроўвае на тое, каб захаваць ураджай і каб не дапусціць раскрадання матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей. Бо, як сведчыць практыка, многа сярод нас грамадзян, хто лічыць, што можна бясплатна «браць» у сельгаспрадпрыемствах.
Так, устаноўлены чатыры факты крадзяжоў рулонаў саломы жыхарамі Любішчыцкага і Жытлінскага сельсаветаў. Гэтая салома ў рулонах знаходзіцца ў свабодным доступе, што моцна «нервуе» злодзея. Пры гэтым, такія несумленныя грамадзяне моцна рызыкуюць, бо міліцыя ажыццяўляе кантроль і днём, і ноччу. Як вынік, усе гэтыя грамадзяне трапяць у суд і заплацяць штраф (ад 2-х да 30 базавых велічынь).
Не меней хвалюе тое, што некаторыя нашы работнікі сельгаспрадпрыемстваў дазваляюць сабе знаходзіцца на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта стала сур’ёзнай праблемай: кожны дзень выяўляем п’яных вартаўнікоў, паляводаў, работнікаў зернесушыльных комплексаў… Апошні такі выпадак зарэгістраваны на зернетаку ў Хадаках.
Просім службовых асоб з разуменнем ставіцца да дадзенай праблемы: калі, крый Божа, здарыцца на вытворчасці няшчасны выпадак, то адказваць прыйдзецца вам, бо дапусцілі знаходжанне падначаленага на працоўным месцы “пад мухай”.
А падобнае дапускаць нельга!
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.