Дом і двор, як казка, каб радаваць дзяцей

Магчыма, пра такі выпадак мы і не даведаліся б, калі б не выпадковая патрэба паехаць у Яглевічы. Па зваротнай дарозе галава міжволі павярнулася ў бок сядзібы па вуліцы Цэнтральнай 34. Перад домам літаральна “вырасла” вясёлая дзіцячая пляцоўка, каля варот – свая кампазіцыя, а за варотамі пад вінаградам лавачка, на якой здаецца і сядзеў бы і любаваўся створанай дзіцячай казкай.

Гаспадыня Любоў Анатольеўна Касніковіч расказала, што ўсё гэтае “багацце” з’явілася дзякуючы яе рукам і мужа Васілія Паўлавіча. І… раптам замаўчала, спраўляючыся з няпрошанымі слязьмі. Мы пачулі сумную гісторыю.

– Мой унук Цімафей вельмі любіў маляваць, і ў яго прыгожа атрымлівалася. Хлопчык быў вельмі жыццярадасны, але раптам захварэў. Анкалогія… Каб яго парадаваць і самой не з’ехаць з гвалту, я пачала займацца кветкамі, малявала і рыхтавала эскізы, трафарэты для фігурак, а муж выразаў. Паступова двор стаў такім, як бачыце. Зімой унука не стала… Яму было толькі 10 гадкоў!.. Я вельмі гаравала, не знаходзіла сабе месца. Здароўе пахілілася і фельчар мяне ўпэўніла, што трэба заняцца якой справай, работай, каб не злегчы. Я задумалася, сапраўды, у сына і так гора, дачка жыве далёка ад нас, так і да інсульту недалёка. І мы з мужам сталі прадаўжаць дзіцячую пляцоўку. Так і ратуюся… І хочацца дзетак радаваць. Каб яны ніколі не хварэлі.

І здаецца, унук натхняе бабулю і дзядулю з нябёс, радуецца з імі і ўдзячны, што пра яго так цёпла памятаюць.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.