Новенькі «Джылі»… за слоічак мёду

Валянціна Краўцэвіч з вёскі Альба выйграла пазадарожнік, купіўшы ў Івацэвічах у «Еўраопце» слоічак мёду за 2 рублі 79 капеек

Некалькі дзён назад наша зямлячка пенсіянерка Валянціна Краўцэвіч з Альбы перабірала цыбулю ў агародзе. Раптам зазвінеў мабільнік, але браць яго не хацелася – рукі мурзатыя. Глянула на экран – код Мінска. Зразумела, што гэта тэлефануюць з перадачы «Тэлемагазін», бо Валянціна часта заказвае розныя бытавыя рэчы, праўда, зараз такой неабходнасці не было. Але на гэтае настойлівае тэлефанаванне прыйшлося адказаць.

– Вас турбуе тэлеканал ОНТ. Віншуем! Вы выйгралі пазадарожнік «Джылі» ад «Еўраопта»! – прагучала ў трубцы.

– Кашмар! – ад нечаканасці крыкнула ў трубку пенсіянерка Краўцэвіч.

Гэтае слова  «кашмар» як рэакцыя на перамогу хутка стала мэмам на канале ОНТ і не толькі, але сёння Валянціна Краўцэвіч кажа, што сапраўды спачатку нібы спужалася. Ад нечаканасці. Але яна верыла ў тое, што ўдача да яе калісьці абавязкова завітае, бо рэгулярна наведвае магазіны «Еўраопта», набывае тавар з разлікам на гульню «Удача в придачу». Найчасцей у Івацэвічах – у райцэнтр на сваім «Рэно» Валянціна з мужам Уладзімірам наведваюцца часта. У адзін з апошніх візітаў у сярэдзіне ліпеня наша гераіня купіла слоічак мёду ў «Еўраопце» за 2 рублі 79 капеек  – код менавіта гэтай пакупкі і спрацаваў падчас розыгрышу 125-га тура папулярнай гульні ад «Еўраопта».

– Зараз гэты слоічак хоць на покуць стаў! – разважае пенсіянерка Краўцэвіч. – Яна ўжо пустая, бо мёд хутка з’елі ўнукі, а вось чароўны посуд  застаўся. Якой жа шчаслівай стала для нас гэтая дробная пакупка – неверагодна!

Валянціна разам з мужам і сынам накіраваліся ў мінулы чацвер, 1 жніўня, у Мінск, дзе прайшлі здымкі перадачы і дзе яны забралі пазадарожнік «Джылі». Навіна хутка разнеслася па ўсёй акрузе, цэлае мора тэлефанаванняў ад сяброў, знаёмых, родзічаў. Многія прыходзяць паглядзець, пацікавіўся прызам і старшыня ААТ «Квасевічы» В. А. Алексяюк, якога вельмі паважаюць муж і жонка Краўцэвічы. «Віктар Анатольевіч адзначыў, што пашанцавала, што вельмі ўдалы пазадарожнік дастаўся нам», — адзначаюць Валянціна і Уладзімір.

Карэспандэнты з тэлеканала ОНТ да Краўцэвічаў з віншаваннямі наведваліся і ў мінулую пятніцу. Іх тут смачна частавалі – сваімі натуральнымі прадуктамі, бо пенсіянеры – добрыя гаспадары, трымаюць свіней, птушку, у іх вялікі агарод, дзе радуюць вока памідоры, цыбуля, капуста, кабачкі. Супрацоўнік «ІВ» пацікавіўся ў Валянціны Краўцэвіч, ці першы гэта яе выйгрыш? Ці «фартовы» яна чалавек па жыцці?

– Не магу сказаць, што я невязучая. Наіўна верыць, што будзеш кожны тыдзень атрымліваць выйгрышы, але, памятаю, у 1991-м годзе выйграла халадзільнік у латарэю. Дзіўны гэта быў час і дзіўныя розыгрышы, бо калі я тады прыехала ў Мінск за халадзільнікам, то прыйшлося яго ледзь не выбіваць. Кажуць, то даплаціць трэба або ўзяць штосьці іншае… А зараз мяне на канале ОНТ сустракалі як царыцу – макіяж перад здымкамі наклалі, прыгожы букет кветак уручылі! Нібы якую актрысу рыхтавалі! Наша сям’я – мы з мужам, нашы дзеці, якія пражываюць у Мінску, унукі – вельмі рады выйгрышу. І ў сваю чаргу хочам пажадаць усім жыхарам Івацэвіччыны, каб такіх выйгрышаў у нашым раёне было як мага болей!

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).