Дапамога спатрэбілася… «Хуткай дапамозе»

Аўтамабіль «Хуткай дапамогі» рухаўся па вул. Леніна ў Івацэвічах у бок Івацэвіцкай ЦРБ. Ехаў ён па галоўнай дарозе ў 21.30, 7 жніўня, калі светлафоры працавалі ў дзяжурным рэжыме (мігаў толькі жоўты колер). Любы транспартны сродак, які выязджае з другараднай дарогі, у такой сітуацыі павінен саступіць дарогу аўтамабілю, што рухаецца па галоўнай, – гэта агульнавядомая аксіёма.

Але здарылася нечаканасць: па вул. 60 гадоў Кастрычніка рухаўся «Сітраен С5», за рулём жанчына 1970 г. н., якая праявіла няўважлівасць і выехала на перакрыжаванне з вул. Леніна (паўторымся, светлафорны аб’ект працаваў у дзяжурным рэжыме, а перад вадзіцелем-жанчынай стаяў знак «Саступіце дарогу»). Вадзіцель «хуткай» памкнуўся пазбегнуць сутыкнення, але яно ўжо было непазбежным. Ад удару аўтамабіль «хуткай» поўнасцю перавярнуўся на 180 градусаў і стаў на дах коламі ўверх. Атрымаў траўму вадзіцель 1983-га г. н. (пералом ключыцы), пацярпелі і медработнікі з Косава, якія ехалі ў Івацэвіцкую ЦРБ, аднаму з іх спатрэбілася аператыўная дапамога.

Такому выпадку цяжка даць тлумачэнне: жанчына груба парушыла Правілы дарожнага руху, якія прадпісвалі ёй спыніцца і прапусціць любы транспартны сродак, які рухаецца па галоўнай дарозе, але яна праявіла неверагодную няўважлівасць…

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.