Лісу атакаваў… арол беркут

У райгазету звярнуўся жыхар Івацэвічаў, наш чытач Ігар М., ён расказаў пра здарэнне, якое яго моцна здзівіла. Ігар М. з братам на легкавым аўтамабілі рухаліся па прасялковай дарозе паміж в. Любішчыцы і в. Падстарынь. Раптам мужчыны ўбачылі, як велізарная драпежная птушка, што трымала ў кіпцюрах нейкага звярка, спрабуе ўзняцца ў паветра са сваёй ахвярай, з якой, відавочна, толькі што расправілася.

– Мы проста сумеліся: драпежная птушка была велізарных памераў – размах крылаў каля трох метраў. Проста несур’ёзна параўноўваць яе з тымі звыклымі «шулякамі», што нападаюць на курэй ці мышэй. Мы пасігналілі – птушка выпусціла з кіпцюроў ахвяру і ўзнялася высока ў паветра. Спыніліся. Знайшлі сляды крыві, рыжую поўсць разносіў вецер. Але якое было наша здзіўленне, калі мы нарэшце знайшлі ахвяру. Лічылі, што гэта будзе заяц, а ёй аказалася… немалая ліса, разарванае цела якой ляжала ў траве. Дык што гэта была за драпежная птушка, якая атакуе іншых драпежнікаў?

Аўтар публікацыі звярнуўся за каментарыем да Сяргея Габца, дырэктара ДПУ «Заказнік Выганашчанскае». Няўжо сапраўды паўднёвую частку Беларусі і, у прыватнасці, Івацэвіцкі раён «кантралююць» буйныя драпежныя птушкі?

– Не сумняваюся, што ў дадзеным выпадку ваш чытач расказвае пра арла беркута. Гэты буйны драпежнік хаця і вельмі рэдкі асёдлы і гнездавальны від для нашых месцаў, але, тым не меней, сустракаецца. Зімой у нашым заказніку мы падкормліваем арланаў белахвостаў – і часам бачым, што на прыкормныя пляцоўкі можа прыляцець арол беркут. Адзін-два – не болей. Іх, увогуле, нямнога, трымаюцца асобна, але яны адназначна ёсць у нашых мясцінах.

Арол беркут – магутны і дужы драпежнік, хуткасць у пікіруючым палёце можа дасягаць 320 кіламетраў у гадзіну. Яго рацыён харчавання вельмі разнастайны – любыя іншыя птушкі, а таксама грызуны, зайцы, лісы… Ён стаіць на вяршыні харчовага ланцужка, акрамя чалавека, яму баяцца нікога не прыходзіцца. Часам беркут нападае на ахвяру, якая значна перавышае яго ў памерах. У нас ёсць дадзеныя, звяртае ўвагу Сяргей Габец, што арол беркут атакаваў маладых казуль на Хварашчанскіх балотах (мяжа Івацэвіцкага і Пінскага раёнаў). Пры ўсім тым, гэтая птушка сустракаецца вельмі рэдка, у шэрагу краін занесена ў Чырвоную кнігу, ўбачыць яе падчас палявання вялікая ўдача. Вашаму чытачу пашанцавала ўбачыць такі момант.

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.