Калі ўкрасці аўто вельмі проста

Двое маладых людзей – хлопец і дзяўчына – у мінулыя выхадныя дні ў вячэрні час вырашалі пытанне, як з вёскі Квасевічы дабрацца да іншага населенага пункта ў Камянецкім раёне. Выхад знайшоўся адзін – украсці і ўгнаць аўтамабіль.
Першая спроба зрабіць «Жыгулі» грамадскім транс-партам аказалася няўдалай: легкавік з незакрытымі дзвярыма, які належыць жыхару Квасевічаў, яны змаглі выпхнуць на аўтадарогу, але заклінаваў руль і гэтыя «Боні і Клайд» (абоім, дарэчы, каля 25 гадоў) вымушаны былі шукаць іншы транспарт. Ім зноў пашанцавала: на прыдамавой тэрыторыі аднаго з дамоў па вул. Савецкай вёскі яны «знайшлі» аўтамабіль «Daewoo Espero», які належыць работніку ААТ «Квасевічы».  Уявіце сабе: легкавік быў адкрыты, а ключы  знаходзіліся ў… салоне аўто.
Мары зладзеяў збыліся: машыну яны завялі і паехалі на Камянеччыну.
Але бензіну хапіла прыкладна на паўдарогі: у Кобрын-скім раёне аўтамабіль заглух. Падчас пошукаў бензіну ці грошай парачка здзейсніла яшчэ некалькі ўчынкаў, якім яшчэ будзе дадзена прававая ацэнка.
Прыкладна ў 5 гадзін раніцы ў Івацэвіцкі РАУС паступіў сігнал аб угоне машыны, а ў 13 гадзін наступнага дня лег-кавік быў знойдзены. У хуткім часе затрымалі і гэтую парачку ўгоншчыкаў. Зараз яны – хлопец, дарэчы, ураджэнец Квасевічаў, а дзяўчына – ураджэнка Івацэвічаў – знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання Бярозы. Узбуджана крымінальная справа.
Мараль ляжыць на паверхні: легкавік у начны час павінен абавязкова быць закрытым. Не вытрымлівае ніякай крытыкі практыка захоўвання ключоў у салоне машыны: рана ці позна неабачлівасцю скарыстаецца злодзей.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.