Першая нічыя сезона

фота ілюстрацыйнае

У мінулую суботу, 10 жніўня,  ФК “Івацэвічы” ў рамках першынства Беларусі па футболе сярод каманд другой лігі правяла гасцявы матч з геаграфічна самым аддаленым сапернікам – з ФК “Горкі”. Гэта была стартавая гульня другога круга чэмпіянату, нагадаем, у першым крузе наша каманда дома перамагла ФК “Горкі” з лікам 3:1.

І калі ў першым крузе “Івацэвічы” вызначыліся як адна з самых бескампрамісных каманд, якая ніводнага разу не згуляла ўнічыю, то дадзены матч на Магілёўшчыне якраз завяршыўся нулявой нічыёй. Ніводная каманда не вызначылася рэзультатыўным дзеяннем.  

А вось наступны матч будзе надзвычай важным для нашых рабят. На “Кляноўка-арэну” ў бліжэйшую суботу наведаецца лідар першынства – ФК “Арсенал” з Дзяржынска. Гэтая гульня дазволіць ацаніць узровень майстэрства нашай каманды, якая не прайграе ледзь не дзесяць тураў запар, ў параўнанні з сапернікам, што амаль забяспечыў сабе выхад у першую лігу. Нагадаем, у першым крузе на дамашняй арэне “Арсенал” перамог нашых рабят вельмі ўпэўнена – 4:0.

Аляксандр ГОРБАЧ.