Пытанняў без адказаў не засталося

на сустрэчы кіраўніцтва раёна, спецыялістаў, навукоўцаў з грамадскасцю пасёлка Зялёны Бор

 

Нагодай для сустрэчы 7 жніўня у Зеленаборскім СК па ініцыятыве старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Грыцука было завяршэнне работ па аднаўленні зямель пасля ліквідацыі несанкцыянавай звалкі.  На сустрэчу з грамадскасцю прыбылі старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, старшыня райсавета Аляксандр Сарока, кіраўнікі службаў і аддзелаў райвыканкама, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук, дырэктар ДНУ “Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі” Мікалай Міхальчук.

У сваім выступленні перад прысутнымі Сяргей Шылінчук адзначыў, што з тэрыторыі несанкцыянаванай звалкі вывезена 16 124,6 тоны адходаў розных груп і забруджанай глебы.  Зроблена ўсё, каб ачысціць і прылягаючую тэрыторыю: дэманціраваны незаконна ўведзеныя агароджы і асфальта-бетоннае пакрыццё на землях ляснога фонду, месца засыпана ўрадлівым слоем глебы. На раней забруджаныя месцы ўнесены экраніруючы слой дэфекату на аснове вапны – болей за 800 тон, які звязвае цяжкія металы ў нерухомыя формы, не дазваляючы распаўсюджвацца; на прылягаючыя тэрыторыі ўнесена даламітавая мука – 50 тон. Гэтыя работы выкананы згодна з рэкамендацыямі вучоных. Ажыццяўляецца пастаянны штоквартальны кантроль санітарнымі службамі і спецыялістамі Палескага аграрна-экалагічнага інстытута. За 2018-2019 год было даследавана 12 проб глебы з прыдамавых тэрыторый пасёлка, тры пробы паветра, 12 проб вады з калодзежаў, пяць проб агародніны, якая вырошчваецца на ўчастках жыхароў Зялёнага Бору. Адбор проб праводзіўся ў прысутнасці прадстаўнікоў грамадскасці.

Зрэшты, усе работы вяліся, што называецца, на вачах людзей, таму ім зараз цікавей было даведацца пра вынікі.

– Усё, што было рэкамендавана зрабіць на месцы гэтай несанкцыянаванай звалкі, – зроблена, – падкрэсліў у сваім выступленні дырэктар ДНУ “Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі” Мікалай Міхальчук. – Утрыманне цяжкіх металаў (свінцу) ў глебе, вадзе, паветры, агародніне значна ніжэй за гранічна дапушчальнае і цалкам бяспечнае для жыцця чалавека. Не дапушчана трапляння адходаў у грунтавыя воды.

Жыхары Зялёнага Бору не выказалі крытычных заўваг адносна гэтай тэмы, але скарысталі магчымасць задаць іншыя пытанні, якія іх хвалююць цяпер – адносна жыццядзейнасці пасёлка ўвогуле, ці некага асабіста. На ўсе зададзеныя пытанні грамадзяне атрымалі адказ. Каб лепш вызначыць маштаб той або іншай праблемы, кіраўнік раёна разам з асобнымі спецыялістамі райвыканкама і кіраўнікамі службаў  пасля сходу наведаў тыя месцы, пра якія казалі ў размове жыхары пасёлка. 

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.