А шашлык мы ядзім… тонамі

І гэта не жарт. Днямі мы наведаліся ў прадуктовыя і сеткавыя магазіны Івацэвічаў.
Высветлілася: жыхары і госці райцэнтра толькі ў сеткавіку «Санта» купляюць улетку за месяц шашлыка і марынаваных паўфабрыкатаў больш за тону!

А калі ўлічыць, што акрамя «Санты» ў Івацэвічах ёсць іншыя сеткавікі, магазіны спажывецкага
таварыства, фірменныя магазіны Бярозаўскага мясакансервавага камбіната і Баранавіцкай птушка-фабрыкі «Дружба», прыватныя магазіны, то шашлычная лічба «тлусцее» ў разы.
У фірменным магазіне Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, што па вул. Дэпутацкай, прадавец Вольга Траццяк расказала, што летам шашлык карыстаецца асаблівым попытам.
– Шашлык «Мядовы з імбірам» – навінка, з шыйнай свіной часткі. Шашлык «Прыбужскі» са свініны ідзе ў тамаце з кавалачкамі памідораў, шашлык «Ад шэф-повара» – таксама ў таматным марынадзе. Ёмістасцю 1 і 2 кілаграмы, што вельмі зручна, – кажа Вольга Генадзьеўна. – Пакупнікі ахвотна купляюць і паўфабрыкаты з мяса, якое запраўлена і ўжо прамарынавана, каўбаскі, рэбры свіныя ў марынадзе… За дзень шашлыку па 15-20 кіла-грамаў прадаём. І я сама з задавальненнем купляю ў сваім магазіне рэбры свіныя і каўбаскі. На якасць ніхто не скардзіцца.
У суседнім фірменным мясным магазіне ад птушкафабрыкі «Дружба» у наяўнасці быў толькі шашлык «Славянскі» – за выхадныя разабралі, але паўфабрыкатаў у марынадзе было розных і з розных частак тушкі курыцы. Каўбаскі, казала прадавец, таксама бяруць ахвотна смажыць на барбекю.
У сеткавіку «Санта» мы размаўлялі з прадаўцом 4-га разраду Ганнай Герман і загадчыцай вытворчасці Аленай Грыдзюшка. Яны казалі, што шашлык тут прадаюць розных відаў: з паляндвіцы, шыі, тазабедранай часткі, з курынага філе, а ў будні дзень нашага наведвання ў продажы іх было тры віды: «Дачны» з тазабедранай свіной часткі, шашлык свіны ў маянэзна-гарчычным марынадзе, і шашлык з курыцы ў маянэзна-гарчычным марынадзе. Мясныя паўфабрыкаты, якія былі выкладзены прыгожа на вітрыне халадзільнай камеры, мелі апетытны выгляд. Аказалася, свежы выгляд – не выпадковасць, іх гатуюць тут жа, прама ў цэху паўфабрыкатаў сеткавіка. Яны на любы густ, са свініны і курыцы, у марынадзе з размарынам і соусам алабама.
– Шашлык, паўфабрыкаты і каўбаскі разыходзяцца вельмі добра, – казала загад-чыца вытворчасці Алена Грыдзюшка. – За выхадныя дні тры віды шашлыку распрадаюцца па два караты, кожны па 50 кг, куп-
ляюць мяса на шашлык і ў іншыя дні ахвотна, бо яно заўсёды ў нас свежае.

Каб пайшло толькі на карысць

Пра гэта наша інтэрв’ю з урачом-інфекцыяністам паліклінікі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Анастасіяй Яхнавец.
– Анастасія Алегаўна, кажуць, што шашлык – не самая карысная страва. А што кажа медыцына?
– Уся справа ў шкодным рэчыве, якое ўтвараецца пры згаранні, і падымаючыся з дымам, асядае на кавалачках мяса. Гэта канцэраген бензпірэн, а ён адносіцца да першага класа небяспекі. Вучоныя даказваюць, што шкода ад яго атрымліваецца роўная шматгадоваму курэнню. Частае ўжыванне шашлыку негатыўна скажацца найперш на тых, хто хварэе на страўнік і іншыя органы стрававання. Бараніну лепш такім людзям не марынаваць для шашлыкоў, толькі мяса курыцы ці індычкі. Хворым на язву страўніка, на печань нельга вострыя спецыі, кетчуп, лімонны сок. У якасці марынаду аптымальна браць кефір. Але і гэты кісламалочны прадукт можа быць проціпаказаны людзям з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю. Не рэкамендую запіваць віном шашлык, бо мяса марудней засвойваецца і можа выклікаць расстройства. Не трэба часта есці шашлык пажылым людзям і тым, хто мае хваробы нырак.
– Хараство любімай стравы менавіта ў тым, што яно смажыцца на вуглях…
– Аматарам стравы з дымком не варта адчайвацца. Па меркаванні дыетолагаў і па маім, спажываць падобныя стравы ў ежу можна, але толькі пры двух умовах: захаванне перыядычнасці і аптымальны спосаб прыгатавання. Нават здаровым лю-дзям не варта есці шашлык часцей чатырох разоў у месяц. Каб скараціць час уздзеяння небяспечнага дыму і паменшыць час прыгатавання, папярэдне варта замарынаваць мяса. Па магчымасці трэба павялічыць адлегласць паміж вуглямі і кавалачкамі мяса, не дапускаць адкрытага полымю, і як мага часцей паварочваць шампуры.
– Любімая перасмажаная скарыначка таксама шкодная?
– Так, яна ўтрымлівае канцэрагенныя элементы. Але, калі вы дрэнна прасмажыце мяса, то ў ім, магчыма, застануцца розныя інфекцыі, кішэчныя палачкі, якія выклікаюць дысбактэрыёз.
– Як зменшыць шкоду?
– У дзень пікніка не налягайце на хуткія вугляводы, бо яны справакуюць адчуванне голаду. Рэкамендуецца з’ядаць порцыю не болей за 200 грамаў. Якасны марынад, асабліва кіслы, част-
кова з’яўляецца абаронай ад канцэрагенаў і мікробаў. Смажыць шашлыкі лепш на дровах, чым на вуглях. Замяняйце кетчупы, спецыі і лімонны сок таматным соусам ці гранатавым сокам. Не ежце засмажаную скарыначку. Многія запіваюць проста вадой, і гэта лепш чым газіраванай. Ежце з мясам любую зялёную гародніну і свежае зяленіва – кінзу, кроп, пятрушку, ліставую салату, словам, гарнір з гародніны – абавязковы.
– Што можна сказаць у абарону шашлыку?
– Правільна прыгатаваны, ён зніжае рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў і артрыту, у ім больш захоўваецца карысных рэчываў, чым у звычайным мясе, смажаным на патэльні. У шашлыку, прыгатаваным на вуглях, менш калорый, чым у смажаным. Гэта дыетычная страва, па сутнасці.