Госці былі больш удачлівымі

фота ілюстрацыйнае

У мінулую суботу ў рамках першынства Беларусі па футболе сярод каманд другой лігі ФК “Івацэвічы” прымала ФК “Арсенал” з Дзяржынска. Гасцявая каманда – лідар першынства, тым не меней, матч меў сваю інтрыгу: ФК “Івацэвічы” не прайгравалі болей за два месяцы, знайшлі сваю гульню і, была надзея, дадуць бой “Арсеналу”.

Старт гульні не парадаваў: ужо на 4-й хвіліне ў вароты нашай каманды быў прызначаны пенальці, які сапернік ўпэўнена рэалізаваў. Гол дазволіў гасцям адчуваць сябе больш упэўнена. У той жа час нашай камандзе трэба было адыгрывацца, ісці наперад, агаляючы тылы, што дазваляла “Арсеналу” праводзіць вострыя контратакі, у ходзе якіх яны вызначыліся яшчэ двойчы да перапынку.

І ў другім тайме госці вызначыліся двойчы… Варта адзначыць высокую рэалізацыю момантаў гасцямі, якія літаральна кожную сваю атаку завяршалі вострымі ўдарамі. А вось нашым рабятам шанцавала менш, на гол прэстыжу яны найгралі, але мяч, як кажуць, не ішоў у вароты “Арсенала” – 0:5.

З такім буйным лікам у гэтым сезоне дома наша каманда яшчэ не прайгравала. Тым не меней, сезон працягваецца, наша каманда ў пяцёрцы лепшых, набрала ачкоў больш, чым год назад.

Аляксандр ГОРБАЧ.