Адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Што далей?

У райгазету звярнуўся Аляксей Іванавіч Х., жыхар Івацэвічаў, якія папрасіў раённую газету ў сваіх публікацыях даваць больш разгорнутыя матэрыялы па рэзанансных здарэннях.
– Пра ДТЗ на перакрыжаванні Леніна і Клютко ў Івацэвічах, калі жанчына збіла і паставіла на дах коламі ўверх аўтамабіль «хуткай дапамогі» і траўмавала некалькі чалавек, расказвалі нават цэнтральныя выданні. Але што далей? Няўжо той факт, што жанчына мае страхоўку, дае ёй поўную абарону, нават калі ў вадзіцеля зламана ключыца, ва ўрача – таксама сур’ёзная траўма. І моцна пашкоджаны аўтамабіль. Што і як адбываецца далей, пасля дарожна-транспартнага здарэння?
Сапраўды, як развіваюцца падзеі пасля дарожна-транспартнага здарэння? У вышэйзгаданым выпадку аўтамабіль «хуткай» адбуксіравалі ў ЦРБ, пацярпелыя шпіталізаваны. Адказвае Васіль Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС:
– Нават калі вадзіцель, віноўнік дарожна-транспартнага здарэння, мае «поўны камплект» дакументаў, то гэта не значыць, што ў выніку сур’ёзнага ДТЗ яму мала што пагражае. Так, калі траўмы пацярпелых адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных, то ўзбуджаецца крымінальная справа. Здараецца, што пасля віноўнік аўтааварыі па вынікаў разгляду крымінальнай справы аплач-
вае лячэнне і далейшыя наступствы атрыманага калецтва. Пацярпелы ў выніку ДТЗ мае права на пагашэнне ўрону па здароўі ад страхавых кампаній, але калі траўмаваныя людзі праходзілі лячэнне, якое каштуе дорага, то цераз суд пасля яны могуць спагнаць затрачаныя сумы грошай. Вінаваты ў ДТЗ вельмі зацікаўлены, каб стан пацярпелых быў як мага лепшы і каб хва-рэлі яны нядоўга.
Не так усё проста з пашкоджаннем аўтамабіля пацярпелага боку. Так, страхавая кампанія пагасіць выдаткі – у дадзеным выпадку Івацэвіцкай ЦРБ, бо «хуткая» на іх балансе, тут жанчыне-вадзіцелю, якая мае страхоўку, як быццам няма чаго непакоіцца. Але ёсць важны момант. Усё гэта пройдзе спакойна і прадказальна, калі аўтамабіль «траўмаваны» на суму меней за 10 000 еўра… У вышэйзгаданым выпадку, паўтаруся, не ўсё так проста, бо «хуткая» літаральна «нашпігавана» рознымі медыцынскімі прыборамі, нават камп’ютарнай тэхнікай. Сам аўтамабіль таксама пацярпеў істотна. І калі сума, якая будзе накіравана на яго рамонт, перавысіць 10 000 еўра, то страхавая кампанія выставіць рэгрэсны іск да вінаватага боку. Разгляд і вывучэнне падобных спраў звычайна зацягваюцца на працяглы час, на тое, каб расставіць усе кропкі над «і», патрабуецца нават некалькі месяцаў.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.