Пытанне з месцамі прыпынкаў ля дзіцячых садкоў будзе вырашацца

Праз сацыяльныя сеткі мы атрымалі ліст-пытанне ад жыхаркі Івацэвічаў Юліі С. з фотаздымкамі. Яна ўзнімае пытанне адносна тэрыторыі ля дзіцячага сада «Вясёлка», што па вуліцы Дэпутацкай райцэнтра. «Бацькі падвозяць дзяцей па «зялёнай зоне». Раніцай а палове восьмай і вечарам а палове пятай тут нават прайсці праблематычна, бо ж у нас вадзіцель заўсёды мае рацыю». І далей аўтар допісу пытаецца: ці будзе тут некалі наведзены парадак?

Тое праўда: ад вуліцы Дэпутацкай Івацэвічаў раніцай на тэрыторыі ля садка цяжка зразумець, як рухаюцца аўтамабілі. «Зялёнай зоны» як такой тут проста няма, ды калі яна была: усё з’езджана коламі аўтамабіляў, расце адзінае дрэва, не відаць травы. Пешаходныя дарожкі паўз агароджу садка – гэта проста сцежкі, якія пратаптаныя самімі людзьмі, бу-
дзем тут шчырымі. І факт неаспрэчны: пад’язджаюць да дзіцячага садка з розных бакоў, няпроста тут размінуцца і аўтамабілям, і людзям.
Пытанне з прыпынкамі аўтамабіляў ля дзіцячых садоў, школ узнікла не на пустым месцы, і гэты дзіцячы садок – не адзіная «балючая кропка». Хто мог на момант праектавання гэтага садка і будынкаў ля яго ўявіць, што колькасць асабістых аўтамабіляў у горадзе і краіне вырасце ў сотні разоў? І што падвоз раніцай і вечарам дзяцей на аўтамабілі стане самай звычайнай з’явай для звычайнай сям’і? Такім чынам, пытанне існуе не толькі ля гэтай установы, але яно не застаецца сёння без увагі. Многае ў горадзе ўжо зроблена з улікам таго, што дзяцей пачалі падвозіць на аўтамабілях. Да прыкладу, па вуліцы Дзяржынскага ля дзіцячага садка «Алеся» пашырана дарожнае палатно, зроблена месца для прыпынку аўтамабліляў, вялікая работа праведзена ля СШ №4 г. Івацэвічы. Паступова сітуацыя будзе выпраўляцца, не маем мы сёння столькі сродкаў, каб зрабіць за год усё тое, што чакае рук і грошай.

Як патлумачыў рэдакцыі Васілій Жур, начальнік аддзялення ДАІ Івацэвіцкага РАУС, у дадзеным выпадку нельга сцвярджаць, што праезд ля дзіцячага садка «Вясёлка» з’яўляецца парушэннем Правіл дарожнага руху: «…забаронены рух аўтамабіляў па ўзбочынах, тратуарах, веласіпедных дарожках…, чым не з’яўляецца ўказаны ўчастак».
Тым не менш, «у сувязі з праблемай, якая існуе пры пад’ездзе да ДУА «Яслі-сад №4 г. Івацэвічы», які размешчаны па адрасе вул. Дэпутацкая, д. 40б, намі ініцыяваны разгляд дадзенага пытання на чарговым пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху», адзначае Васілій Жур.
Такім чынам, будзе зроблены неабходны крок: адно з абгрунтаванняў неабходнасці змен і звязаных з імі магчымых расходаў фінансавых сродкаў.
Падрыхтаваў Валерый Гапееў,
фота Валерыя Міскевіча.