Івацэвічам — 500 гадоў: прэзентацыя кнігі Алеся Зайкі

23 жніўня адбылася прэзентацыя кнігі цудоўнага чалавека, улюбёнага ў роднае Заполле і Івацэвіччыну, краязнаўцы і этнографа, пісьменніка і філолага Алеся Зайкі «Крыніцы і вытокі».

На прэзентацыю, а яна стала ціхім і светлым святам памяці аб гэтым вялікім для раёна чалавеку, прыйшлі родныя Алеся Фаміча, шчырая паплечніца ў працы жонка, сябры, прыхільнікі беларускага слова, настаўніцтва, мясцовыя і не толькі пісьменнікі, паэты і проста жыхары раёна, улюбёныя ў творчасць нашага земляка.

Аб ім пад дэманстрацыю прэзентацыі дзіцячых малюнкаў, натхнёных творамі Алеся Зайкі і сабраных сельскімі бібліятэкамі раёна, казала вершамі і прозай бібліятэкар Запалянскай сельскай бібіліятэкі Алена Здзітавец, якая рыхтавала дзею, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, жонка Алеся Фаміча Зайкі – Антаніна Іванаўна, былы дырэктар Запалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лідзія Шчурко, запалянскія вучаніца і выпускніца Юлія Стась і Марыя Шчурко, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Запалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Алёна Свідуновіч, пісьменнік і адказны сакратар рэдакцыі раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» Валерый Гапееў,. Іх кожнае выступленне варты асобнай публікацыі, бо пакідалі ў сэрцы святло і жаданне зберагчы спадчыну Алеся Зайкі.

Не ўтрымаліся і слухачы, дапаўнялі, дадавалі вобразу «хадзячай энцыклапедыі», як называлі блізкія Алеся Фаміча, новых граняў і пачуцця радасці, што ў нашым раёне жыў гэты чалавек, ад якога ішла да людзей любоў. Старэйшы брат Аляксей Зайка казаў, што яны, малодшыя, пыталіся ў яго парады, былая настаўніца Тамара Казімірчык – што ганарыцца сустрэчай з гэтым чалавекам, які дастойны ўвекавечання памяці аб ім у назве вуліц, Аркадзь Курыс, палкоўнік у адстаўцы, што Алесь Фаміч наталіў яго любоўю да роднага беларускага слова, а тыя, хто не казаў, таксама ўдзячны нашаму Фамічу за натхненне любіць роднае.

Валянціна БОБРЫК.