Івацэвічам — 500 гадоў: плошча, галоўная дзея

24 жніўня, у Івацэвічах у 12.00 на плошчы ля райвыканкама пачалася галоўная дзея. У мастацкім музыкальна-тэатралізаваным пралогу цягам кароткага часу раскрываліся асобныя старонкі нашых Івацэвічаў. Відовішчная і яркая дзея з удзелам вялікай колькасці артыстаў выклікала захапленне.

Свята адкрыта. Са сцэны прысутных жыхароў горада, а ў іх асобе – усіх гараджан і жыхароў раёна, вітаў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс, які адзначыў, што 500-годдзе Івацэвічаў важна не толькі для нашага горада і раёна, але і цалкам для ўсёй вобласці – горад прыгожы і сучасны, мае добрыя перспектывы для развіцця і росту, і гэтага пажадаў Анатолій Ліс жыхарам Івацэвічаў.

Аляксандр Грыцук у сваім прывітальным слове адзначыў, што цяперашнія Івацэвічы – гэта самаадданая праца многіх ранейшых пакаленняў, нашых ветэранаў, сучаснікаў і выказаў падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята абласному выканаўчаму камітэту, усім тым, хто рыхтаваў горад да свята. Старшыня райвыканкама шчыра  пажадаў гораду і яго жыхарам здароўя, шчасця і цяпла ў кожны дом і кожную кватэру і каб горад стаў адным родным домам для ўсіх.

Потым Аляксандр Грыцук уручыў пасведчанні, дыпломы і кветкі Ганаровым грамадзянам Івацэвіцкага раёна: Анатолю Галушку, Святлане Крэк, Уладзіміру Любушаку, Яну Шапелю, а таксама граматы раённага выканаўчага камітэта асобным жыхарам райцэнтра за шматгадовую адданую працу і ў сувязі з 500-годдзем Івацэвічаў.

Жыхароў нашага горада віталі і віншавалі са святам госці з гарадоў-пабрацімаў з Расіі і Польшчы.

Пасля адбылося выступленне роты спецыяльнага назначэння ганаровага караула унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

А далей прысутных на свяце вітаў беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”…

 

 

 

 

 

 

Ганаровыя жыхары Івацэвіцкага раёна: Ян Шапель, Анатоль Галушка, Святлана Крэк, Уладзімір Любушак.