Падпісана Пагадненне

між Івацэвіцкім раённым выканаўчым камітэтам, раённым аб’яднаннем наймальнікаў і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2019-2021 гады

Ад раённага выканаўчага камітэта Пагадненне падпісаў старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, ад імя раённага аб’яднанная наймальнікаў – дырэктар ААТ «Мілейкі»  Анатоль Комар, ад раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Паўшко.

Падпісанне Пагаднення  прайшло 9 красавіка ў малой зале пасяджэнняў райвыканкама. Такі дакумент падпісваецца раз у тры гады і служыць асновай для калектыўных перамоў, галіновых і мясцовых пагадненняў, калектыўных дагавораў у арганізацыях. Раённае Пагадненне – той нарматыўны акт, які дзейнічае на тэрыторыі нашага раёна ў адносінах органаў улады, наймальнікаў усіх форм уласнасці, дзе створаны пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, членаў прафсаюза і работнікаў раёна.

Палажэнні і гарантыі, якія ўключае Пагадненне, з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх арганізацый. Яны носяць той мінімальны характар, які ніякім чынам не можа быць зменены ў бок зніжэння сацыяльнай, прававой і эканамічнай абароны работніка. Асноўны прынцып, які закладваецца ў Пагадненні: у кожнага работніка павінна быць магчымасць з максімальнай карысцю для сябе і прадпрыемства прымяніць у працы свае навыкі і ўменне, расці прафесійна. Пры гэтым важнейшай умовай з’яўляецца абароненасць работніка як сацыяльнымі, эканамічнымі гарантыямі, так і з боку бяспекі і аховы працы.

Пасля падпісання Пагаднення Ігар Паўшко, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў выказаў удзячнасць выканаўчай уладзе, аб’яднанню наймальнікаў за вялікую падрыхтоўчую работу і падкрэсліў, што Пагадненне закладвае прававую базу працоўных адносін, і што далейшае развіццё сацыяльнага партнёрства ёсць самым дзейсным сродкам дасягнення агульных мэт павышэння дабрабыту работнікаў, эфектыўнасці эканомікі і дынамічнага развіцця раёна ў цэлым.

Валерый Гапееў, фота аўтара.