Каго падманулі? Сябе падманулі?

Ужо была ноч, калі на пульт дзяжурнага Івацэвіцкага РАУС паступіў сігнал: у жылым доме вёскі Панкі адбываецца скандал, там шумяць, прыедзьце і разбярыцеся. Выязджае нарад міліцыі, стукаюць у дзверы дома А., дзе «шумяць».

Але насамрэч там выключана святло і моцна спяць гаспадары, якія ў рэшце рэшт адчынілі міліцыі дзверы, але нічога зразумець не могуць. Міліцыянеры самі збянтэжыліся, але ж у іх ёсць адрас заяўніка-суседа Б., які зрабіў тэлефанаванне і скардзіўся. Міліцыянеры стукаюць у дзверы суседзяў, разбудзілі іх, але тыя тлумачаць, што нікуды не тэлефанавалі, мы ўжо спакойна спім некалькі гадзін, нас ніхто не непакоіць!
Што за дзіва? Хто ж тэлефанаваў у райаддзел унутраных спраў?
Міліцыя правяла расследаванне, і вось што высветлілася: тэлефанаванне зрабіла… трэцяя суседка В., якая, звярнуўшыся ў той вечар на 102, не сябе назвала, а прыкрылася прозвішчам суседзяў Б., якія моцна спалі і не ведалі, што ў міліцыю «скардзяцца». Але ж гэта быў падманны выклік, за дадзенае правапарушэнне прадугледжаны штраф – ад 4-х базавых велічынь і болей.
За гэта хтосьці павінен адказваць.
Як толькі не вылузвалася ў зале суда В., немаладая ўжо жанчына з Панкоў, якая адмаўлялася прызнаць сваю віну. То міліцыю абвінавачвала, то даказвала, што яе суседзі Б. – людзі запалоханыя, то сцвярджала, што А. шумелі… днём раней. Але ж факт застаецца фактам – жанчына пайшла на непрыгожы крок: выклікала міліцыю на людзей, якія вялі сябе спакойна, а сама «схавалася» пад чужым прозвішчам. Яна заплаціць штраф – чатыры базавыя велічыні, хаця сумна было пачуць ад яе пад канец пасяджэння пагрозу: «У наступны раз я буду прадстаўляцца ананімна!». Ці не пара перагледзець мадэль узаемаадносін з суседзямі, бо канфрантацыя з імі – тупіковы шлях.
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя судаІвацэвіцкага раёна.