…І рэзка сталі цвярозымі

Муж і жонка К. з Івацэвічаў разам пражываюць некалькі дзесяцігоддзяў, абаім болей за 50 гадоў. Звычайная сям’я; муж, былы афганец, злоўжывае спіртным, але нельга сказаць, што ён залежны ад алкаголю, бо ходзіць на работу. У адзін з вечароў, калі сям’я ўжо павячэрала (муж з жонкай нават крыху выпілі спіртнога), абстаноўка накалілася, бо муж палічыў, што гарэлкі было мала.

Ён памкнуўся аказаць фізічнае ўздзеянне на жонку – проста злёгку яе штурхнуў, узнікла сварка. Так атрымалася, што на тумбачцы побач у той момант якраз знаходзіўся нож. Жонка ўзяла яго ў рукі і ўдарыла ім мужа ў вобласць грудной клеткі.
Гэта было расцэнена ледзь не як жарт, бо пасля абое пайшлі спаць, але праз гадзіну рэзка ўсе сталі цвярозымі: у мужа моцная страта крыві, ён адчувае сябе вельмі кепска.
Выклікалі «хуткую».
Урачы адразу зразумелі, што пацярпелы дакладна не на сук напароўся. Выклікалі міліцыю. Спачатку муж і жонка аднекваліся, прыдумвалі нейкія гісторыі, пасля прызналіся – гэта быў удар нажом.
Але ж рана сур’ёзная! Узбу-джана крымінальная справа па ч. 1 арт. 147 «Наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання». Падкрэслю – небяспечнага для жыцця. І санкцыя суда прадугледжвае або абмежаванне волі тэрмінам ад 3-х да 5 гадоў, або пазбаўленне волі ад 4-х да 8 гадоў. З другога боку, жанчына характарызуецца вельмі станоўча, за сваё жыццё ніколі не мела нават дробных адміністрацыйных парушэнняў.
Але трэба збірацца ў суд. Напярэдадні вечарам паплакалі дома муж і жонка і назаўтра накіраваліся ў залу суда. Прысуд – тры гады абмежавання волі (так званая «дамашняя хімія»). Вось столькі каштуе «жартуючы» ўдарыць мужа нажом.
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.