Пад лавінай пачуццяў

Неяк стаю ў чарзе ля банкамата і чую размову дзвюх дзяўчат: «Ты ўяўляеш, ён мне напісаў учора, маўляў, давай застанёмся сябрамі. Сябрамі! Не трэба было першай пісаць яму, ды не вытрымала…» І гэтак далей. Усміхаюся сабе пад нос, згадваю радкі Багдановіча: «Маладыя гады, маладыя жаданні! Ні жуды, ні нуды – толькі шчасце кахання». Ці няшчасце кахання, бо мы
выбіраем, нас выбіраюць, але гэта часта не супадае. І калі супадае адразу, то неяк і няма пра што гаварыць – усе шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава. А калі не супадае з-за перашкод, то нараджаюцца такія гісторыі кахання, якія маглі б стаць сюжэтамі
літаратурных твораў ці фільмаў. Адна такая мне прыгадалася, раскажу.

Сяргей (ад аўт. – імёны змененыя) прыйшоў да сябра Паўла, каб падзяліцца радаснай навіной: ён закахаўся. І Сяргей, і Паша (наш, івацэвіцкі хлопец, які і расказаў мне гэтую гісторыю) захапляліся горным турызмам, разам наведвалі адзін турыстычны клуб. Праз гэтае захапленне Сярожа і пазнаёміўся з дзяўчынай, якая прымусіла яго сэрца біцца хутчэй. Усмешлівая русавалосая Таццяна таксама была неабыякавай да альпінізму, толькі тур-клуб абрала іншы. Да Сяргея яна ставілася як да сябра, рабіла выгляд, што заляцанняў яго не заўважае, але хлопец не губляў на-дзеі на лепшае: прымкнуў да Танінай кампаніі, імкнуўся як мага часцей бываць з ёю побач. А калі рашыўся прама сказаць дзяўчыне пра свае пачуцці, тая адказала, што раздзяліць іх не можа, бо ў яе ёсць сябар Жэня, з якім быццам бы пачынаюцца рамантычныя адносіны.
Потым гэтую інфармацыю пацвердзіў і сам Жэня, які выклікаў Сяргея на размову і прамым тэкстам сказаў: «Адчапіся ад Тані. Яна мая». Ах, каб усё было так лёгка! Сказалі табе: круціся, як хочаш, але разлюбі – і ты адразу разлюбіў. Усе, хто кахаў, ведаюць, як гэта няпроста. І Сяргей не разлюбіў, а проста чакаў моманту, калі паміж Таняй і Жэнем прабяжыць чорная котка. Але лёс распарадзіўся інакш…
Ішлі нават не месяцы – гады. Аднойчы Жэня стаў кіраўніком групы турыстаў, якія рушылі ў паход у горы. Вядома, Таня ў складзе той групы таксама была, а Сяргей – не. Усяго ж іх было шасцёра – усе беларусы ва ўзросце ад 20 да 28 гадоў, чацвёра хлопцаў і дзве дзяўчыны. Ішоў пяты дзень узыходжання на вяршыню, і раптам на адным з перавалаў з гор сышла лавіна – прама на турыстаў, якія праігнаравалі штармавое папярэджанне. Двое хлопцаў адкапалі сябе з-пад снегу самастойна. Некаторы час яны шукалі сяброў, ды безвынікова. Тады прайшлі з дзясятак кіламетраў да бліжэйшага населенага пункта, паведамілі выратавальнікам пра бяду. Як толькі навіна дайшла да беларускага турклуба, да якога мелі дачыненне турысты, іх сябры чартарным рэйсам паляцелі на месца трагедыі – дапамагаць выратавальнікам у пошуках. Быў сярод іх і Сяргей. Казалі, быццам ён і адкапаў з-пад снегу Таню, а разам з ёй і Жэню. Напэўна, у момант, калі іх накрыла лавіна, закаханыя абняліся. Такой была Таніна апошняя 26-ая вясна.
І хоць загінула яна пад лавінай, хоць і Сяргей з-за гэтага быў таксама забіты горам, але была ў іх жыцці і лавіна пачуццяў. Здаецца, не надта і важна, узаемных ці не. І яна кахала, і ён кахаў, і Жэня кахаў таксама, а значыць, усё было не дарма. Бо каб жыццё было жыццём, а не існаваннем, сэрцу патрэбна не толькі біцца, але і адчуваць.
Вольга Шэляговіч.