Абрабавалі кватэру дальнабойшчыка

24 жніўня ў Івацэвіцкі РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў кватэру ў п. Зялёны Бор праніклі злодзеі. Разбіта акно, усе рэчы перакулены. Сам гаспадар, вадзіцель-дальнабойшчык, адсутнічаў; паведамленне зрабіла яго сястра, якую ён папрасіў наглядаць за жытлом, пакуль сам знаходзіцца ў далёкіх рэйсах.

У ходзе праверкі ўстаноўлена: з кватэры прапала 4 000 долараў і 5 600 еўра. Як стала вядома ў ходзе аператыўна-вышуковай дзейнасці, крадзеж на сумленні трох мужчын – двух з Пінска, аднаго з Бярозы. Яны пазнаёміліся яшчэ ў месцы пазбаўлення волі, сустрэліся пасля “адсідкі”, абрабавалі кватэру, падзялілі грошы і раз’ехаліся.

За гэты час, пакуль праваахоўныя органы працавалі на месцы здарэння і адпрацоўвалі самыя розныя версіі, двое з ліку злачынцаў нават паспелі набыць два легкавікі, адзін з іх разбілі. Фактычна ў іх было толькі некалькі дзён на тое, каб пашыкаваць на чужыя грошы: зараз яны арыштаваны і знаходзяцца пад вартай. Узбуджана крымінальная справа.

Але чаму “налёт” здзейснілі менавіта на кватэру дальнабойшчыка? Як даведаліся, што ў кватэры нікога не будзе дома, а грошы ёсць? Не паверыце, родны брат пацярпелага сядзеў у калоніі з вышэйзгаданымі “героямі” і часта расказваў пра заможнае жыццё брата. Як вынік, у зламыснікаў саспеў план, як абчысціць гэтую кватэру. Сумна, але самаму маладому з гэтай тройкі гора-сяброў 18 гадоў, а самаму “старому” – 25 гадоў.

Васіль АРЦЮШЭНЯ, в.а.начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.