Брэстчына адсвяткавала «Дажынкі»

31 жніўня ў гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна ладзіўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». Суцэльнай святочнай пляцоўкай, прыгожымі і абноўленымі Ружаны гасцінна сустрэлі дэлегацыі з ўсіх раёнаў Брэстчыны. У свяце прыняла ўдзел і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандрам Грыцуком.

Першым на пружанскай зямлі нашу дэлегацыю вітаў песнямі і караваем вакальны гурт «Ваколіца». Па шляху да сталіцы абласных дажынак пра адметнасці Ружан і сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружанскага раёна нашай дэлегацыі расказала Наталія Красоўская, начальнік фінансавага аддзела Пружанскага райвыканкама. Некалі Ружаны былі рэзідэнцыяй Сапегаў, адных з багацейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Ружаны мелі свой герб, права на самакіраванне, былі зажытачным мястэчкам на 400 двароў. Тут працавала мануфактура па вытворчасці сукна, паперы, тканых паясоў, кафлі і іншага. Сёння ў гарадскім пасёлку пражывае каля 3000 чалавек, а галоўнай мясцовай славутасцю з’яўляецца Ружанскі палацавы комплекс рода Сапегаў. Менавіта на яго тэрыторыі і ладзіліся галоўныя ўрачыстасці. Падрабязнасці чытайце ў раённай газеце «Івацэвіцкі веснік».