Педагагічны форум

30 жніўня ў Івацэвіцкім ГДК адбылася жнівеньская нарада педагагічных работнікаў раёна.

Да гэтага дня была падрыхтавана экспазіцыя-прэзентацыя ўстаноў адукацыі раёна. Пасля ўрачыстага адкрыцця жнівеньскай нарады пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у цэнтры ўвагі педагогаў было абмеркаванне тэмы: “Сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна: дасягненні, праблемы, стратэгія развіцця”, па якой выступіў з дакладам начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Ігар Куіс. У рабоце педагагічнага форуму прынялі ўдзел намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Велікаселец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Разумейчык.

У сваёй прамове начальнік аддзела па адукацыі Ігар Куіс прааналізаваў рэзультаты развіцця галіны за год, вызначыў новыя задачы і перспектывы на будучыню. Ён падкрэсліў, што дзейнасць сістэмы адукацыі раёна летась была накіравана на забеспячэнне даступнасці і павышэнне якасці адукацыі, вялікая ўвага надавалася кадравай палітыцы, стварэнню сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, павышэнню іх эканамічнай дзейнасці.

Сур’ёзная і зацікаўленая размова прадоўжылася ў выступленнях Ларысы Монцік, дырэктара Даманаўскай СШ, Галіны Стаскевіч, настаўніка-метадыста СШ №3 г.Івацэвічы, Наталлі Шалюцінай, загадчыцы яслі-сад №5 г.Івацэвічы, Ірыны Пратасавіцкай, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 г.Івацэвічы, Алега Кузьміна, дырэктара СШ №3 г.Івацэвічы.

Слова браў і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, які павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, выказаў ім шчырыя пажаданні.  Віталі і віншавалі на нарадзе маладых спецыялістаў, іх сёлета прыступіла да работы 10.

І вось ён кульмінацыйны момант – узнагароджанне прафесіяналаў і  лепшых педагогаў раёна. Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узанагароджана Алена Хоміч, дырэктар ДУА “Целяханская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Таксама граматы і падзякі рознага ўзроўню атрымалі дзясяткі настаўнікаў.

Усім жадалася творчых пошукаў і ўдач у педагагічнай дзейнасці. А потым адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі настаўніцтва і дзяцей.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Алена Хоміч