Ліцэю Івацэвіцкага раёна – 20

Юбілейная ўрачыстая лінейка, прысвечаная новаму навучальнаму году, адбылася ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” 2 верасня.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадстаўлена Дар’і Дзянісік  і Сяргею Юзэфовічу, а ўзняць сцяг дзяржаўнай установы адукацыі “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” былі ўдастоены Яна Басалай і Мікіта Еўтух.

У 1999 годзе пачалася гісторыя гэтай навучальнай установы,  і 20 гадоў назад 1 верасня быў адчынены шматпрофільны Ліцэй для 140 вучняў школ раёна. Педагагічны калектыў – 14 лепшых педагогаў раёна на чале з дырэктарам Ягеніем Пішчавым. За гэты час закончыла Ліцэй 1960 вучняў, 174 ліцэісты атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі, 10 выпускнікоў атрымалі 100 балаў на ЦТ, 6 сталі стыпендыятамі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёлета парог Ліцэя пераступіла 149 вучняў, у ліку якіх 80 – у 10-я ліцэйскія класы.

З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі звярнулася да ліцэістаў, іх бацькоў і настаўнікаў дырэктар ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Святлана Гарайнава. З віншавальнымі прамовамі выступілі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ігар Куіс, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Патоцкая, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Івацэвіцкага РАНС Дзяніс Кузняцоў, выпускнік 2001 года, уладальнік прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, настаўнік гісторыі Запалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аляксей Аляксеевіч Халадовіч. Усе выступоўцы падкрэслівалі, што ліцэй стаў паспяховым праектам у сістэме адукацыі раёна і жадалі калектыву педагогаў і вучняў светлай будучыні і новых вышынь.

У знак удзячнасці ліцэісты прысвячалі песні роднаму гораду, роднаму ліцэю і дарагім настаўнікам. 

Кранальна гучаў першы званок,  з якім прайшлі паўз строю ліцэістаў адзінаццацікласнікі Анастасія Рэдзько і Данііл Бялевіч. Навучальны год пачаў адлік. Са святам!

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.