Грыбныя рэкорды Марыі Шухно

«У Заполлі і Манцютах на Быценшчыне баравікі цягаюць мяхамі», – такое паведамленне на днях зрабілі ў раёнку. Не верылася, тым болей, што ледзь не рэкордныя тэмпературы фіксуюцца сёлета. Яшчэ некалькі дзён таму было да +31 градуса цяпла! Але калі мы наведаліся ў Манцюты, то адной з першых нам сустрэлася пенсіянерка Марыя Шухно, якая якраз вярталася з грыбоў.
І баравікоў гэтая жанчына назбірала нямала – каля 70 штук. Поўны кош.
– Сёння ўжо баравікоў мала, вось 2-3 дні назад, на пачатку тыдня, якраз пасля дажджоў, грыбы высыпалі, – расказала нам Марыя Пятроўна. – І туманныя ночы паспрыялі іх росту. Але як ударыла спёка, то рэзка іх стала менш. У лес рушылі амаль усе жыхары нашай вёскі, кожны хоча назбіраць, каб нарыхтаваць-насушыць на зіму… Назбірала кошык, але гэта для мяне не рэкорды…
Дарэчы, Марыя Шухно больш «смуткуе» па лісічках, бо баравікі – «няпрофільны» грыб для яе. Здаралася, што лісічак збірала да 10-12 кілаграм – рэкордныя паказчыкі для Манцютаў. Можна зарабіць добрую капейку, здаючы іх, але не сёлета, бо вельмі ўжо нерэгулярнымі дажджы былі ўлетку, падкрэслівае Марыя Пятроўна. Вось і прыходзіцца збіраць баравікі, падсумоўвае пенсіянерка Шухно.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).