Спяшаемся за краты?

…У пачатку бягучага года трое маладых чалавек з Быцені – 1996-га, 1997-га і 1998-га гадоў нараджэння – аказаліся на лаве падсудных суда Івацэвіцкага раёна.
Кожны з трох спажываў наркотыкі, як вынік, у адносінах да кожнага ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 «Незаконны зварот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў».
Дзеючае заканадаўства ў нашай краіне нецярпімае да асоб, хто спажывае ці, тым больш, распаўсюджвае наркотыкі – гэта даўно ведаюць усе… Тэрміны зняволення – значныя. Але ж для таго, каб вырабляць наркотыкі (тую ж марыхуану), трэба адпаведныя веды. Гэта, згадзіцеся, складаней, чым купіць бутэльку гарэлкі ў магазіне.
Вось адказ маладых людзей: сёння ў інтэрнэце можна знайсці ўсё – у тым ліку рэцэпты і інструкцыі для прыгатавання марыхуаны з канопляў. Пакурылі – спадабалася. Разам з тым, адчувалася разгубленасць кожнага з гэтых трох хлопцаў, яны са страхам чакалі прысуду. Мне, як суддзі, хацелася зразумець іх і ў той жа час данесці: наркотыкі – тупіковы шлях для маладога чалавека, кожны з іх у сваім маладым жыцці можа знайсці значна больш карыснае захапленне. І ў інтэрнэце можна павучыцца больш карысным справам…
Суд прызнаў маладых людзей вінаватымі і прызначыў пакаранне, звязанае з абмежаваннем волі. Наколькі вядома, маладыя людзі з разуменнем паставіліся да неабходнасці захоўваць Закон і адбываюць гэтае «дамашняе пакаранне» належным чынам.
А вось гісторыя, так бы мовіць, «мехам унутр». Малады мужчына з Івацэвічаў Р., 2000 г. н. (першы абвінавачваны ў маёй працоўнай біяграфіі, які нарадзіўся ў ХХІ стагоддзі), раней быў прызнаны вінаватым па арт. «Хуліганства», атрымаў таксама пакаранне ў выглядзе абмежавання волі – так званая дамашняя «хімія». Тэрмін не самы вялікі, цяпер галоўным стала для яго – працаўладкавацца і кожны вечар пасля 19.00 быць дома.
Але з выкананнем апошняга патрабавання проста бяда: Р. трэба вечарам бегчы то на адзін дзень нараджэння, то на другі, то выйсці на «разбіральніцтвы», то іграць у валейбол, то паставіць у гараж транспартны сродак… Але ў Закона не бывае прычын «паважаных» ці «кепскіх». Закон або выконваюць, або парушаюць. У дадзеным выпадку мы бачым рэгулярныя парушэнні, якія фіксуюцца міліцыяй і якія скончылася тым, што ў адносінах да Р. узбуджана крымінальная справа «Ухіленне асуджанага ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Прысуд – рэальнае пазбаўленне волі тэрмінам на 7 месяцаў. Малады чалавек трапіў за краты, «злавіў» другую судзімасць.
Няўжо так цяжка вырашыць усе свае пытанні да 19.00? Тэрмін «дамашняй хіміі» не самы вялікі, трываць прадстаяла нядоўга, але Р. нібы магнітам цягнула на парушэнні. Каб трапіць за краты?

Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.