Узяць рэванш не атрымалася

Фота ілюстрацыйнае

У мінулую суботу ФК «Івацэвічы» накіравалася на Міншчыну: у пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна прадстаяла згуляць з прамым канкурэнтам – з ФК «Андэрдог». Каманда з назвай, якая азначае прыкладна тое, што і слова аўтсайдар, насамрэч уваходзіць у пяцёрку лепшых лігі, а ў першым крузе яны атрымалі перамогу ў Івацэвічах з лікам 4:2.

На жаль, і ў суботнім матчы навязаць барацьбу «Андэрдогу» не атрымалася. Не ў апошнюю чаргу і таму, што галоўны арбітр найчасцей прымаў рашэнні на карысць гаспадароў, прызначыў вельмі сумніўны пенальці ў вароты нашай каманды. Гульня завяршылася з лікам 3:0 на карысць «Андэрдога».

У бліжэйшыя выхадныя дні нашу каманду чакае не меней складаны матч: у Івацэвічы прыедзе адзін з лідараў – «Ашмяны-БДУФК». Гэтая каманда амаль забяспечыла сабе выхад у першую лігу, пацярпела толькі адно паражэнне (у ФК «Івацэвічы», да прыкладу, іх восем). Тым не меней, нашы рабяты настройваюцца даць бой лідару.

Аляксандр ГОРБАЧ.