«Уладар сяла»  не званне, а прызванне

Хто сказаў, што на сяле застаюцца толькі старэйшыя людзі, а ўсе маладыя ўцякаюць у горад? На самай справе, у вёсках шмат маладых сямей, якія працуюць на сельгаспрадпрыемствах, гадуюць дзяцей, знаходзяць час для творчасці, вядуць асабістую гаспадарку і сваімі рукамі робяць прыгожымі і ўтульнымі свае дамы і прысядзібныя ўчасткі. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас абласнога этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які кожны год праводзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Сёлета ён прайшоў у аграгарадку Астромічы Кобрынскага раёна, маладзёжны праект быў часткай раённага свята-конкурсу традыцыйнай культуры «Золата палёў», прымеркаванага да заканчэння ўборкі ўраджаю. За ганаровае званне «Уладар сяла 2019» змагаліся пераможцы раённых этапаў – 12 самых актыўных маладых сем’яў. Усе яны пражываюць у сельскай мясцовасці, вядуць падсобную гаспадарку і гадуюць дзяцей. З іх тры сям’і – шматдзетныя, у тым ліку Юліі і Івана Дзенісенка з дочкамі Алінай, Карынай і Аляксандрай з Косава. Бацькі займаюцца гаспадаркай, якая аднімае шмат часу і сіл, аднак, заўсёды знаходзяць час для сваіх дочак і на ўласныя захапленні.
Знаёмства з сем’ямі-ўдзельніцамі адбылося ў конкурсе «Вітаем па-беларуску». Затым члены журы і госці свята наведалі выстаўкі дасягненняў сем’яў, пазнаёміліся з іх падворкамі і ацанілі кулінарныя здольнасці гаспадынь. У рамках абласнога этапа ўдзельнікі пазмагаліся ў конкурсах «Сялянская эстафета», «Па дровы», «Гаспадар» і «Сямейныя гульні».
– Трэба адзначыць, што сям’я Дзенісенка выдатна падрыхтавалася да конкурсу, бо ён патрабаваў часу, пэўных сіл, матэрыяльных і творчых укладанняў, – кажа Вольга Белякова, першы сакратар РК ГА «БРСМ». – Застаецца толькі здзіўляцца, наколькі багатая фантазія ў нашых землякоў. Сваю візітку ў конкурсе «Вітаем па-беларуску» прэзентавалі песняй у нацыянальных строях. Але найбольш журы ўразіла падвор’е сям’і. Юлія – майстрыха на ўсе рукі, тут былі прадстаўлены шматлікія вязаныя, вышытыя, тканыя шэдэўры, дзяўчаты прадэманстравалі свае захапленні. У журы была магчымасць пакаштаваць кулінарныя стравы гаспадынь. Напрыклад, Юлія прыгатавала для дэгустацыі каравай, курыцу, начыненую наліснікамі, піражкі з рознай начынкай, а Іван на зайздрасць усім гаспадыням прыгатаваў некалькі відаў хатняга сыру. Трэба дадаць, што з крэатывам падышлі Юлія і Іван да афармлення падвор’я, многія спецыяльна падыходзілі, каб зрабіць фота з «гарбузовай» каровай. Фантазія, кулінарнае і творчае майстэрства сям’і Дзенісенка былі ацэненыя па вартасці – яны занялі першае месца ў конкурсе «Выстаўка дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Хочацца падзякаваць Юліі і Івану за актыўную жыццёвую пазіцыю, за плённую падрыхтоўку і цудоўнае выступленне,.
Па выніках усіх конкурсаў першае месца прысуджана сям’і з Баранавіцкага раёна.
Ганна Ільяшэвіч.
Фота з архіва сям’і Дзенісенка.