Разам робім родны край прыгожым

«Калі змяняцца, то толькі ў лепшы бок» – такое жыццёвае крэда кіраўніцтва Быценскага сельвыканкама, мясцовых актывістаў, прадпрымальнікаў, кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, што функцыянуюць у гэтым непаўторным і прыгожым населеным пункце.

І змены ёсць. Яны – вынік работы быценцаў, патрыётаў роднага краю, якія ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. Паказальным у гэтым сэнсе аказаўся 2019 год. У былым будынку пральні дзіцячага дома – будынка, які фактычна быў развалены, адкрылася кафэ «Бяссонніца», а таксама цырульня, магазін адзення. Гаспадар усіх трох кропак – мясцовы прадпрымальнік Ігар Касавец. Гэты комплекс радуе вока, хаця яшчэ некалькі гадоў назад у той бок, скажам прама, страшна было глянуць.

Вочы баяцца, а рукі робяць
Але паслухаем перадгісторыю ад старшыні сельвыканкама Алены Грынчык:
– Сам выгляд тых руін у цэнтры Быцені, канешне, засмучаў. Калі ў чарговы раз паўстала пытанне аб іх далейшым лёсе, то ў некаторай ступені прыемнай нечаканасцю стала рашэнне нашага паважанага прадпрымальніка, дэпутата, грамад-
скага дзеяча Ігара Касаўца набыць дадзены аварыйны будынак і, як кажуць, удыхнуць у яго новае жыццё. Памятаю, я, як старшыня сельвыканкама, нават некалькі разоў перапытвала: «Ігар, ты ўпэўнены ў тым, што справішся? Не страшна?» Час паказаў, што мае сумненні былі дарэмнымі, дзякаваць Богу, што ў яго ўсё атрымалася…
Аўтар публікацыі наведаўся ў кафэ «Бяссонніца», дзе сустрэўся з гаспадаром кропкі грамадскага харчавання Ігарам Касаўцом.

– Атрымалася? Не шкадуеце, Ігар Анатольевіч, што ўклалі такія значныя сродкі ў справу грамадскага харчавання, цырульню? Сучасны бізнес імкнецца ў буйныя гарады, на ажыўленыя магістралі…
– А мы выбралі буйны сельскі населены пункт і таксама на аўтамагістралі, – парыруе Ігар Касавец. – Да таго ж, гэта радзіма, Быцень, тут заўсёды адчуваеш сябе ўпэўнена, на сваім месцы…
Так, вочы баяцца, а рукі робяць, згадвае Ігар Касавец час пасля набыцця былой пральні. Гэта было не памяшканне ў 300 квадратных метраў, не! Гэта было 300 кв. м смецця, жартуе гаспадар «Бяссонніцы». Сам будынак аварыйны, нічога толкам скарыстаць не ўдалося, бо пліты перакрыцця не прайшлі б экспертызу. Выкарыстаць удалося толькі фундамент…

На сённяшні дзень комплекс радуе вока быценцаў, гасцей населенага пункта, праязджаючых, многія з задавальненнем прыходзяць сюды, каб адпачыць, паабедаць. У выхадныя дні тут не заўсёды можна знайсці свабоднае месца, многа гасцей з Івацэвічаў, Слоніма…
Ігар Касавец падкрэслівае, што «Бяссонніца» – не сталовая, каб толькі прыйсці і паесці смачна. Не, гэта яшчэ і месца культурнага адпачынку і тэматычных мерапрыемстваў. Так, у бліжэйшы вечар тут пройдзе танцавальнае шоу, на наступны – запланаваны вечар-караоке… На апаратуры Ігар Касавец вырашыў не эканоміць і набыў для аб’екта самыя сучасныя ўзоры музычнай тэхнікі. Запрашаюцца творчыя калектывы, музыканты, танцоры – кошт за іх выступленне не кладзецца на наведвальніка. Ёсць планы пашырыць поле дзейнасці, арганізаваць дастаўку прадукцыі, піцы, прапаноўваць сушы…

Ігар Касавец упэўнены: сіл і сродкаў хопіць, тым болей, ёсць цудоўныя памочнікі – жонка і дочкі. «Я тут і кіраўнік, і бухгалтар, і грузчык, работы не баюся, на ўласнай скуры вывучыў асаблівасці дзейнасці ў сістэме грамадскага харчавання», – падкрэслівае гаспадар «Бяссонніцы».

Новае кафэ аблюбавалі не толькі дарослыя. Вольга Жыдко, мясцовая жыхарка, расказала аўтару публікацыі, што і сама сюды наведваецца, і дачка з сябрамі менавіта тут адзначала 13-годдзе.
Заходзім у цырульню, а там якраз ідзе абслугоўванне кліента. Мясцовая жыхарка, якая назвалася Таццянай, таксама пастаянны наведвальнік «пункта прыгажосці», тым болей, па яе словах, тут працуе граматны майстар і ёсць усё самае неабходнае, каб абслужыць кліента не горш, чым у Мінску.
Адкрыццё Ігарам Касаўцом кафэ «Бяссонніца», цырульні і магазіна адзення дазволіла працаўладкаваць 11 чалавек.

«Лета без інтэрнэту». Затое з мячом
Вось яшчэ прыклады таго, што і адзін актывіст можа зрабіць вельмі многае. Настаўнік фізкультуры Быценскай СШ Алег Васільевіч Яглейка правёў у родным населеным пункце акцыю «Лета без інтэрнэту». Сваімі рукамі пабудаваў спартыўную пляцоўку па вул. Талочка, дзе дарослыя і дзеці прынялі ўдзел у спаборніцтвах па валейболе і баскетболе. Самыя актыўныя і спартыўныя атрымалі прызы ад спонсараў – мясцовых прадпрымальнікаў. Гульні праходзілі вельмі цікава, людзі не хацелі расходзіцца ледзь не да позняй ночы.
– Хачу сказаць, што не так многа трэба сіл і сродкаў на тое, каб пабудаваць такую пляцоўку, – расказвае А. В. Яглейка. – Бо можна пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, а можна ўзяць рыдлёўку і за вечар зрабіць штосьці карыснае – для дзяцей, да прыкладу. Бо нельга спакойна глядзець на тое, што сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак, акрамя смартфонаў, нішто не цікавіць. Трэба падымаць іх на ногі…
А зараз слова бярэ Наталля Папко, жыхарка Быцені :
– Склалася такая сітуацыя, што дзецям, якія пражываюць на вул. 17 Верасня Быцені, не было дзе і мяч паганяць. Ледзь не на праезнай частцы ў футбол гуляюць, а мяч ляціць то ў агарод, то ў плот новы.
Нават скаргі з’явіліся па гэтай прычыне. Трэба было вырашаць дадзенае пытанне, тым болей, дзяцей у гэтай частцы Быцені нямала.
Якраз на вул. 17 Верасня «намеціўся» аварыйны дом пад знос. Мы, бацькі, суседзі і проста актывісты, прынялі рашэнне: сваімі сіламі знясём, прыбяром, зробім пляцоўку, паставім вароты. Адзін з нашых мужчын працуе на «Фіскасе», разабраў той стары дом, яго рэшткі – утылізавалі, вывезлі… Сабраліся пасля бацькі і дзеці і прыняліся за работу. Прывезлі пясок на пляцоўку, загарадзілі яе, паставілі футбольныя вароты, арэлі, турнікі, пафарбавалі. Дапамаглі тут і спонсары – найперш «Бэйсік цімбэ компані». Добраўпарадкаванне яшчэ працягваецца, але зроблена амаль усё, каб дзеці не на праезнай част-
цы дарогі гулялі ў футбол. Падобная пляцоўка некалькі гадоў раней, дзякуючы ініцыятыўнасці старасты Зоі Дзянісік, узнікла на вуліцы Савецкай нашай любай Быцені…
Падсумоўвае інфармацыю, атрыманую аўтарам публікацыі, Алена Грынчык, старшыня сельвыканкама:
– Нацэльваем і звяртаем увагу нашых паважаных быценцаў на наступны аспект: любую канструктыўную ініцыятыву мы падтрымаем, калі рэалізоўваць яе будзем разам. Штосьці дасць сельсавет, а штосьці павінны даць і людзі. Мы ж для сябе робім! І гэта, дарэчы, агульнаеўрапейская практыка! Цесна супрацоўнічаем з мясцовым бізнесам, трэба адзначыць, што прадпрымальнікі нашы – сапраўдныя патрыёты Быценшчыны. Маю на ўвазе «Лета-маркет», «Бэйсік цімбэ компані», «Армабетон», прадпрымальніка Ігара Касаўца… Калі дзейнічаць разам, то зрабіць можна вельмі многае. І гэтыя работы будуць у радасць – для сваёй радзімы стараемся!
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).