Бульба святавольская едзе ва Украіну

Сёлетні год для бульбаводаў склаўся не вельмі спрыяльна. Але там, дзе вырошчванне гэтай культуры вядзецца па тэхналогіі, надвор’е, якое яно б ні было капрызнае, не можа збіць з толку. Тым больш, што ў ААТ «Святая Воля» вырошчванне бульбы – любімая справа галоўнага агранома Дзяніса Вішнеўскага, які, дарэчы, летась і сёлета на абласных дажынках атрымаў узнагароду з рук старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Ліса як пераможца абласнога спаборніцтва сярод галоўных аграномаў і інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый вобласці.
На дзень нашага наведвання гаспадаркі Дзяніс Анатольевіч быў у камандзіроўцы ў адной з гаспадарак Драгічынскага раёна, але святавольскі «бульбяны канвеер» працаваў у звычайным рэжыме. Аграном Яўген Зышчык, які застаўся працаваць у моцнай гаспадарцы пасля адпрацоўкі па накіраванні, – надзейны памочнік галоўнага агранома, хоць ён, як аграном, вядзе кірунак насенняводства і хімапрацоўкі пасеваў гаспадаркі.
Нагадаем, усяго ў гаспадарцы 4200 гектараў, з іх пасяўных плошчаў – 2220 гектараў, 142 гектара адведзена пад бульбу, 650 – пад кукурузу.
Уборка другога хлеба ў ААТ «Святая Воля» пачалася выбарачна, з палёў, на якіх пасаджана бульба трэцяй рэпрадукцыі.
Садзяць тут імпартны гатунак «Гала», штогод закупляецца 20 тон элітнага насення, астатняе насенне – першай, другой і крыху трэцяй рэпрадукцыі. У радкі пад кожны клубень пры пасадцы ўносіцца фосфарнае ўгнаенне і праводзіцца пратраўліванне насення. У ланцужку па доглядзе – праполкі і апрацоўкі ў абарону ад фітафтарозу і іншых хвароб. Акрамя шчырага догляду з боку агранамічнай службы гаспадаркі і захоўвання тэхналогіі вырошчвання гэтай культуры, яшчэ адзін складнік поспеху крыецца ў купленым некалькі гадоў таму бульбаўборачным камбайне «GREMME SE 150-160», які гаспадарка набыла за ўласныя сродкі. Камбайн убірае бульбу без страт і не траўміруе бульбяныя клубні. Аснашчаны камбайн сістэмай капіравання, аўтаматычнага пошуку радка і сістэмай аўтаматычнага ціску на грэбень радка. Ён ідзе збоку і быццам гладзіць радок, адчуваючы, дзе вышэй поле, дзе ніжэй, і аўтаматычна падстройваецца пад няроўнасці.
На высокавытворчай тэхніцы працуе штогадова на працягу ўсяго сезона адзін з лепшых механізатараў – Уладзімір Буйкевіч. На адвозцы спраўляліся два МАЗы, якімі кіруюць Міхаіл Кавалевіч і Іван Брычкалевіч. Поле знаходзіцца за вёскай Вялікая Гаць, паблізу ад бульбасховішча.
– Уборка бульбы пачалася з выбарачных плошчаў. Ураджайнасць пакуль 315 цэнтнераў з гектара. Убрана 14 гектараў, накапалі таварнай бульбы 356 тон, – казаў аграном Яўген Васільевіч. – Закладку бульбы ў бульбасховішча пакуль не вядзём, адразу рэалізуем.
Малады аграном адзначыў, што ў гаспадарцы яму працаваць падабаецца. Ёсць чаму павучыцца ў галоўнага агранома і дырэктара, які па адукацыі таксама аграном. «Дзяніс Анатольевіч – граматны спецыяліст, ён прафесіянал, і бульбаводства – адна з яго любімых спраў. У той жа час, ён патрабавальны і, калі што ў мяне не атрымліваецца, абавязкова падкажа, дасць слушную параду. Побач з ім і дырэктарам хутка можна стаць вопытным спецыялістам», – казаў Яўген Зышчык.
Яго, дарэчы, як маладога спецыяліста, забяспечылі жыллём, тут ён стварыў сям’ю і разам з жонкай гадуюць двое дзетак. Цяжка, вядома, бо малодшай дачцэ споўнілася толькі чатыры месяцы. Вясна для яго, наогул, выдалася складанай, бо жонка была ў бальніцы на захаванні, а ён быў так заняты на рабоце, што не паспеў сабе ў агародзе пасадзіць бульбу. Але не так гэта і страшна для спецыяліста гаспадаркі – да дня работнікаў сельскай гаспадаркі ўсе работнікі акцыянернага таварыства і пенсіянеры з ліку былых работнікаў атрымліваюць па 100 кілаграмаў насення і 100 кілаграмаў буйной бульбы бясплатна. Дапамогу аказваюць бульбай школам і дзіцячаму садку, праваслаўнаму прыходу.
У гэты сонечны дзень 5 верасня мы пабывалі і на бульбасховішчы ААТ «Святая Воля». Тут працавала тэхніка, гудзеў канвеер, бульба сартавалася, затарвалася ў сеткі і загружалася ў фуры. Роўненькая і прыгожая – адна ў адну, не скажаш, што не з самага лепшага поля. Загадчыца бульбасховішча Ала Бязверхая ўвішна спраўлялася на пагрузчыку, а ўбачыўшы нас, заў-
сміхалася: «Ва Украіну наша бульбачка паедзе. Трэба тэрмінова адгрузіць тры фуры. Прадалі 230 тон за гэтыя дні».
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.