Каб заўсёды збываліся дзіцячыя мары

У сярэдзіне лета стартавала дабрачынная рэспубліканская акцыя «Збяром партфель разам». У нашым раёне да яе далучыліся прадпрыемствы, арганізацыі, установы і грамадскія аб’яднанні. Пярвічныя арганізацыі ГА «Беларускі Саюз жанчын» прынялі актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі – дапамагалі сабраць школьныя прыналежнасці для дзяцей па сваіх рэгіёнах, а заключным акордам стала наведванне старшынёй Івацэвіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі Саюз жанчын» са школьнымі падарункамі дзяцей з сем’яў інвалідаў-калясачнікаў.
Найперш старшыня Івацэвіцкай РА ГА «БСЖ» Аляксандра Джэжора пабывала ў шматдзетнай сям’і Любові (інваліда першай групы) і Канстанціна Мохараў з Целяхан, у якой падрастаюць чацвёра дзетак. Дачка Вераніка і сын Уладзіслаў – школьнікі, Крысціна наведвае дзіцячы садок, а малодшаму Яраславу хутка споўніцца два гады. Школьныя прылады, у ліку якіх альбомы, каляровая папера, пластылін, фламастары, сшыткі, пеналы, фарбы і іншыя патрэбныя рэчы для ўрокаў малявання, пісьма і творчасці, не будуць лішнімі для дзяцей, якія любяць маляваць, выразаць і фантазіраваць. І бацькам была прыемнай увага да сям’і з боку грамадскай арганізацыі, яны дзякавалі людзям, у якіх не ачарсцвела сэрца і якія здольны працягнуць руку дапамогі, не чакаючы сігналу «SOS».
Наведалі ў гэты дзень і сям’ю Ірыны і Юрыя Мінюкоў з Івацэвічаў. Ірына таксама інвалід першай групы, але радасць жыцця яе – сын-першакласнік Максім. Набор школьных рэчаў для першакласніка спадабаўся хлопчыку, які, дарэчы, сказаў, што марыць стаць прэзідэнтам і будзе вучыцца на выдатна. Бацькі заўсміхаліся і абяцалі, што зробяць усё, каб сыну падабалася вучыцца.
Вольга Гіро з Любішчыцаў разам з мужам і сынам Ільдарам, якому 8 месяцаў, сустракалі дачушку Элеанору са школы, калі мы іх наведалі. Падарунку дзяўчынка таксама была вельмі радая, асабліва альбому з фарбамі і набору каляровага кардону, бо марыць стаць швачкай і сшыць для мамы самую прыгожую ў свеце сукенку.
Не забылі і пра сям’ю Ганны і Анатолія Бахураў, у якой падрастае сын Косцік. Хлопчык расце разумнікам і вельмі любіць маляваць.
Старшыня Івацэвіцкай РА ГА «БСЖ» Аляксандра Джэжора адзначыла, што дарыць радасць дзецям вельмі прыемна. Яна выказала падзяку ўсім, хто зрабіў унёсак у добрае пачынанне, у тым ліку асаблівая падзяка самым актыўным памочнікам: калектыву жанчын рэдакцыі раённай газеты, пярвічнай арганізацыі «БСЖ» Івацэвіцкай ЖКГ пад кіраўніцтвам Святланы Шчурко, Наталлі Азарка, Алене Кульгавені. Няхай з дапамогай дарослых збываюцца дзіцячыя мары.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.