Пра крадзяжы дробныя і не толькі…

Супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС пільна сочаць за тым, каб захоўвалася, не раскрадалася маёмасць сельгаспрадпрыемстваў. Практыка сведчыць: у аграрным комплексе парадак назіраецца не паўсюдна.
Так, у Івацэвіцкі РАУС у мінулым жніўні звярнулася кіраўніцтва вучэбнай гаспадаркі «Сярадава» прафліцэя сельгасвытворчасці. Ноччу прапаў электрарухавік. Міліцыя правяла адпаведную работу, у ходзе якой высветлілася: крадзеж на сумленні жыхара з суседняга населенага пункта – з Волі. Складзены адміністрацыйны пратакол…
Яшчэ адзін абуральны выпадак: работніца ААТ «Новыя Стайкі» ў начны час прыехала на тэрыторыю КЗС гаспадаркі і адкрыта ўкрала 40 кг зерня. Паведамленне аб гэтым зрабіў вартаўнік, жанчына была спынена ўчастковым інспектарам РАУС і супрацоўнікамі ДАІ…
Каля 300 кілаграмаў зерня выявіў участковы інспектар міліцыі дома ў грамадзяніна Т. з Косава. У ходзе праверкі ўстаноўлена: гэтыя 300 кг зерня Т. (ён, дарэчы, работнік ААТ «Косава») украў за некалькі прыёмаў. Чатыры вечары запар ён выносіў з КЗС сельгаспрадпрыемства па 70-80 кг зерня, пакуль быў не спынены міліцыяй.
Апошні факт асабліва абуральны. Дома ў грамадзяніна М., работніка ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» (ён працуе аператарам машыннага даення), знойдзена амаль тона камбікорму. Устаноўлена, што М. невялікімі партыямі некалькі месяцаў запар выносіў з малочнатаварнай фермы камбікорм, а дома яго складзіраваў. У адносінах да гэтага аператара машыннага даення скла-
дзены адразу некалькі адміністрацыйных пратаколаў.
Міліцыя вельмі просіць спецыялістаў гаспадарак, вартаўнікоў праяўляць прынцыповасць. Калі дазволіць бескантрольна красці, выносіць маёмасць, то ці можна спадзявацца на паспяховасць сельгаспрадпрыемстваў, дзе гаспадараць зладзеі?
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.