Слава і гонар шматдзетным маці

11 верасня ў актавай зале УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” адбылося ўшанаванне Наталлі Барысевіч, шматдзетнай маці, якая працавала да дэкрэтнага водпуску ў калектыве ліфцёрам.

Наталля Барысевіч нарадзіла шасцёра дзяцей і ордэн Маці для яе высокая ўзнагарода. Жанчына спадзяецца, што калі дзеці вырастуць, яны стануць яе крыламі, славай і гонарам сям’і, апорай бацькам у старасці.

 

Наталля Генадзьеўна з мужам Русланам Анатольевічам і дзецьмі жывуць у сваім доме. Старэйшаму сыну Яўгенію 23 гады, дачушкам: Юліі – 7 гадоў, Крысціне – пяць, Мілене – чатыры, Дане – тры, і малодшаму сыночку Аляксандру хутка будзе год.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец падчас святочнага мерапрыемства адзначыў, што гэта ўжо 126 ордэн Маці, якія ўручаюцца з 2005 года ў Івацэвіцкім раёне шматдзетным мамам, у сем’ях якіх выхоўваецца пяць і болей дзяцей. З пачуццём гонару Аляксандр Фёдаравіч уручыў жанчыне кветкі і прышпіліў ордэн Маці.

Павіншаваў Наталлю Генадзьеўну і галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч, які  выказаў найлепшыя пажаданні віноўніцы ўрачыстасці, уручыў букет кветак, і паабяцаў падтрымку сям’і і захаванне працоўнага месца, колькі б яшчэ дзяцей жанчына ні нарадзіла. Раздзяліў радасць мерапрыемства і Дзяніс Пакалюк, дырэктар ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, павіншавалі жанчыну і калегі.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.