Можна трымаць карову і ездзіць на ровары — нават у 90!

Соф’ю Аляксееўну Юркевіч з вёскі Вулька Целяханская ведае ўся акруга. І, вядома ж, не толькі таму, што днямі ёй споўнілася 90. У такім вось шаноўным узросце жанчына можа даць фору многім маладым. Ну, па-першае, яна дагэтуль трымае кароўку, робіць сваё масла, тварог і проста не разумее, што ў вёсцы можна іначай.

Па-другое, зусім нядаўна яна сама выкапала каля 20 сотак бульбы, што садзіла каля хаты. Кажа, што цяжка было, але ж паціху, «у якасці зарадкі», штодзень па градачцы і гатова.

Дзеці, вядома ж, сварыліся на яе, бо шкадуюць маці. А тая — шкадуе іх: ведае, як часам складана вырвацца з Брэста, Пінска, Целяхан…

Па-трэцяе, усім сваім сямейнікам (а ў юбіляркі шасцёра дзяцей (і ўсе, дарэчы, з адукацыяй), 9 унукаў і 11 праўнукаў) Соф’я Аляксееўна робіць падарункі — калі грашыма, калі печывам з уласнай печы, калі тканымі ці вышыванымі ручнікамі, дыванамі, посцілкамі, бо ў хаце ў яе стаяць кросны — сапраўднае інжынернае «збудаванне», за якім зімовымі вечарамі яна па-ранейшаму так спрытна шчыруе. Унук нядаўна ў Мінску атрымаў кватэру, то на ўлазіны з падарункам трапіла і бабуля. Яна ж некалькі гадоў таму адважылася і на зусім далёкае падарожжа — з’ездзіла да брата ў Арэнбург.

Па-чацвёртае, знайдзіце чалавека, які ў 90 гадоў ездзіць на ровары. А Соф’я Аляксееўна — лёгка: напрыклад, у Целяханы да сваёй сяброўкі — ткачыхі Надзеі Іванаўны Шляжка. А гэта не так і блізка!

Апроч таго жанчына карыстаецца мабільнікам, без акуляраў чытае, сочыць за сабой — ва ўсім служыць прыкладам для сваёй сям’і і землякоў…

У дзень прыгожага юбілею шаноўную Соф’ю Аляксееўну павіншавалі выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама Аксана Мялік, старшыня ветэранскай арганізацыі Святлана Крэк, старшыня прафкама ААТ «Целяханы-агра» Таццяна Іванова.

А дзеці ў падарунак ёй падрыхтавалі залаты медаль з лічбай 90. Як самай залатой маме!

Дарэчы, сёлета па Целяханскім сельсавеце 17 жыхарам спаўняецца па 90 гадоў, а двум — па 95. Мясцовая ўлада помніць пра кожнага са сваіх шаноўных імяніннікаў. Разам з Соф’яй Аляксееўнай Юркевіч з 90-годдзем павіншавалі, напрыклад, і Вольгу Сцяпанаўну Ланец з вёскі Выганашчы, якая ўсё жыццё была стаханаўкай у мясцовым калгасе і разам з мужам выгадавала пяцёра дзяцей.

Валянціна Бобрык, г. Івацэвічы.