Купіў за адну базавую велічыню,

а пакараны амаль на 700 базавых велічынь

У снежні 2014 года паміж Косаўскім гарадскім выканаўчым камітэтам і грамадзянінам І. была заключаны дамова куплі-продажу капітальнага будынка – былога Косаўскага ГДК. Набыў аб’ект І. за адну базавую велічыню. У дамове ўказана: пакупніку неабходна ажыццяўляць рэканструкцыю аб’екта ў тэрміны, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй.

Яшчэ адзін важны момант. Дамовай прадугледжана: у выпадку невыканання або неналежнага выканання абавязкаў пакупнік аплачвае ў Івацэвіцкі раённы бюджэт розніцу паміж ацэначным коштам набытага збудавання, указанай у рашэнні аб яго продажы без паніжэння пачатковай цаны продажу і павялічанай з улікам індэкса цэн вытворцаў на прамысловую прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння, і цаной яго набыцця.

З часу заключэння дамовы прайшло болей за чатыры гады. Хаця І. быў прадстаўлены тэрмін – 24 месяцы, ён за чатыры гады толькі агарадзіў былы ГДК, а больш амаль нічога і не рабіў на дадзеным аб’екце. Гэта не магло не выклікаць нараканні з боку Косаўскага гарвыканкама, які неаднаразова ў пісьмовай форме папярэджваў І. аб неабходнасці прыступіць да работ. Будынак тым часам разбураўся, стаў развальвацца дах, разбурацца сцены…

Ці прыходзіцца здзіўляцца таму, што пракурор Івацэвіцкага раёна звярнуўся ў суд з заявай аб узбуджэнні грамадзянскай справы, падведамаснай суду? Гэта неабходна для абароны правоў і ахоўваемых законаў інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама юрыдычных асоб і грамадзян.

Рашэннем суда Івацэвіцкага раёна 29 мая 2019 года задаволена іскавая заява пракурора Івацэвіцкага раёна ў інтарэсах дзяржавы да І. аб скасаванні дагавора куплі-продажу капітальнага будынка і спагнанні яго кошту ў памеры 16 931 рублёў 53 капеек. І. звярнуўся ў абласны суд са скаргай, але і судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда пакінула рашэнне Івацэвіцкага суда ў сіле, а скаргу І. без задавальнення.

…Колькі слоў маралі. Ёсць меркаванне, што бізнес – гэта заўсёды рызыка. Але ж ёсць і прымаўка народная: узяўся за гуж – не кажы, што не дужы. Дзяржава ўжо тым дае чалавеку палёгку, што прадае аб’ект ледзь не задарма – І., паўтаруся, набыў былы ГДК за адну базавую велічыню. Іншымі словамі, за капейкі. У яго быў час узяцца за справу, але…

Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.