Лепш было б праехаць міма…

Т., жыхар адной з вёсак нашага раёна, у сакавіку бягучага года ехаў на легкавіку ў Івацэвічы па аўтадарозе “Хадакі-Івацэвічы”. Раптам ён звярнуў увагу, што ад умоўнай кропкі па-за абочынай у неба ўзнялася чарада птушак, напалоханая шумам машыны. Мужчына спыніўся, каб даведацца, што магло зацікавіць птушак?

А там, па-за абочынай, ляжаў самец казулі. Відавочна было тое, што збіў яе аўтамабіль некалькі дзён назад. Мужчына вярнуўся да легкавіка, дастаў з багажніка сякеру, каб адсекчы рогі жывёлы – гэта рэч сёння цікавіць многіх, з іх вырабляюць самую розную сувенірную прадукцыю – вешалкі, падсвечнікі, нават шахматныя фігуркі і дзвярныя ручкі… Адсек рогі, але ў гэты момант міма праязджаў аўтамабіль супрацоўнікаў ДАІ. Міліцыянеры заўсёды на даным участку аўтадарогі збаўлялі хуткасць, бо часта бачылі, што на дарогу выходзіць казуля.

Але на гэты раз яны нечакана для сябе ўбачылі мужчыну з сякерай.

Супрацоўнікі міліцыі пачалі разбірацца: чаму загінула жывёла і чаму ў руках у мужчыны знаходзяцца сякера і рогі загінуўшай казулі? Патэлефанавалі карыстальніку паляўнічых угоддзяў і ў інспекцыю прыродааховы. Хаця стала відавочным, што мужчына не вінаваты ў гібелі казулі, тым не меней, узбуджана крымінальная справа па арт.282 (2) “Незаконнае перамяшчэнне (транспарціроўка) або разбіранне дзікіх жывёл, у тым ліку загінуўшай, якія ў адпаведнасці с заканадаўчымі актамі адносяцца да аб’ектаў палявання, а таксама іх частак у буйным памеры”. І паколькі казуля дастаткова буйная жывёла, то для вызначэння складу злачынства зафіксаваны буйны памер урону – 120 базавых велічынь. Іншымі словамі, мужчыне не пашанцавала яшчэ ў тым, што ён заняўся разбіраннем (адсек рогі) буйнай жывёлы. Калі б гэта была дробная жывёла, то памер урону быў больш нізкім, санкцыя суда – больш мяккай. 

Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў грамадзяніна Т. вінаватым. Санкцыя суда – штраф 50 базавых велічынь (1 275 рублёў), гэты ўжо адносна немалады мужчына атрымаў судзімасць.

У зале суда мужчына абураўся: я ж не дабываў гэтую казулю, не паляваў на яе. Маўляў, не ведаў, што дакрануцца нельга да загінуўшай жывёлы. Але яму ставілі ў віну не незаконную здабычу, бо калі б была даказана незаконная здабыча, то была б зусім іншая адказнасць і іншае пакаранне. У дадзеным выпадку ён вінаваты ў тым, што прыступіў да разбірання загінутай жывёлы, а гэта забаронена.  

У чарговы раз падкрэслю: няведанне Закона не вызваляе ад адказнасці. У падобнай сітуацыі Т. павінен быў паведаміць карыстальніку паляўнічых угоддзяў аб тым, што знойдзена загінуўшая жывёла, а вось дакранацца да яе – сабе даражэй.                   

 Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.