Каб не адкрываць дзверы… сякерай

– Добры дзень, паважаная і любімая раёнка. Звяртаюся да вас з вялікай просьбай. Вельмі хацелася б даведацца: у якія службы трэба звяртацца, калі зачыніліся дзверы або заклінаваў дзвярны замок. Бо ў выніку чалавек не можа выйсці з кватэры.

Нядаўна падобная сітуацыя склалася ў нашай суседкі – пажылой жанчыны 1929 г. н. Яна не магла выйсці з кватэры. Цэлы дзень тэлефанавала ў розныя службы, але паўсюдна адмаўлялі. Ёй прыйшлося патраціць многа сіл, каб самой адкрыць дзверы сякерай. Але ж дзверы знявечаныя, і прыйшлося новыя ўстанаўліваць.

А. Г. Кухарчук, г. Івацэвічы, вул. Леніна. 

Аўтар публікацыі звярнуўся ў Івацэвіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Ці могуць яны дапамагчы ў падобнай сітуацыі, бо, акрамя выратавальнікаў, аніводная служба ў Івацэвічах не займаецца ўскрыццём дзвярных замкоў. Але і выратавальнікі  ставяць свае ўмовы:

– Калі няма пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, то ўскрыццё дзвярных замкоў або пранікненне ў кватэру мы праводзім на платнай аснове. Кошт ад 40 рублёў і болей – у залежнасці ад складанасці работ, – тлумачыць Сяргей Новік, начальнік Івацэвіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. – Зразумела, калі ў кватэры засталося дзіця, то мы адрэагуем імгненна і зробім усё магчымае, каб не пацярпеў чалавек, каб не была пашкоджана маёмасць – і гэта будзе бясплатна. Калі засталася ўключанай пліта, на якой гатуецца ежа, ці прас, то выратавальнікі таксама прыйдуць на дапамогу, аднак за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: складваецца пратакол і, як вынік, плаціць штраф грамадзянін, хто ўключыў пліту ці прас і забыў пра іх.

Калі сітуацыя не аварыйная, то пранікненне ў дом ці кватэру праводзіцца, паўтаруся, на платнай аснове. Пры гэтым патрабуецца, каб на момант прыезду выратавальнікаў гаспадар мог прад’явіць дакументы, якія пацвярджаюць, што ён з’яўляецца ўласнікам дома ці кватэры. Без гэтага выратавальнікі не стануць выконваць заяўку.

Каб не трапіць у падобную сітуацыю, пралічвайце розныя акалічнасці, устанавіўшы дзверы. Няхай адзін з ключоў ад іх захоўваецца ў родзічаў, якія жывуць непадалёку, каб пры неабходнасці іх выкарыстаць. Праводзьце прафілактычны агляд і абслугоўванне дзвярэй, каб яны не падвялі ў самы непажаданы момант.

Ад рэдакцыі. Паслугі па ўскрыцці дзвярных замкоў, а таксама аўтамабіляў, сейфаў праводзяць і прадпрымальнікі. На жаль, у нашых Івацэвічах ніхто не спецыялізуецца на такім відзе дзейнасці, але яны ёсць у Баранавічах, Пінску. Ускрыццё дзвярэй такім майстрам каштуе ад 30 рублёў, але дзверы дакладна не будуць пашкоджаны, хаця прыйдзецца даплаціць майстру за выезд, бо адлегласць з тых жа Баранавічаў да Івацэвічаў – больш за 70 кіламетраў. Адна з самых вядомых службаў па ўскрыцці дзвярэй, аўтамабіляў, сейфаў – OpenBrest.by. Дыспетчарская кругласутачная служба па нумары 8(029)7-660-660 (МТС).

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.