«Мая малая радзіма  дабромысленская зямля»

Экскурсійны маршрут працягласцю 20 кіламетраў

Мы стараліся вызначыць найбольш значныя аб’екты для экскурсійнага маршруту. Удзельнічалі ў раённым і абласным конкурсах, на якіх былі ўзнагароджаны дыпломамі 2 ступені.

Дабромысленскі край… Ён мае багатую гісторыю, адметныя рысы. Нашы продкі пакінулі нам нямала запаведных мясцін, помнікаў прыроды, архітэктуры. Многія сяляне нашага краю прымалі ўдзел у знакамітай Мілавідскай бітве падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, тут жылі нашчадкі вялікая рускага паэта А. С. Пушкіна. На палетках нашага калгаса размаўляў з сялянамі Пётр Міронавіч Машэраў, на адкрыцці помніка загінуўшым у ба-
рацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысутнічаў лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук…
Аб’ект «Памятны знак»
Мы знаходзімся каля памятнага знака, на якім напісана аб тым, што вёска Дабромысль упершыню ўпамінаецца ў летапісах у 1514 годзе.
Насупраць вёскі на правым беразе р. Шчара (урочышча Вал) археолаг П. Ф. Лысенкаў выявіў гладкасценную кераміку раннефеадальнага часу. На прасторы шырока і вольна, далучыўшыся адным краем у пойму ракі Шчара, размясцілася вёска з прыгожай назвай Дабромысль. Ёсць некалькі версій аб паходжанні назвы Дабромысль.
У 1795 годдзе – вёска ў складзе Расійскай імперыі, маёнтак Адама Юндзіла. Пражывае 560 чалавек. 1870 год – цэнтр Дабромысленскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. 1886 год – 649 жыхароў. Маецца валасное праўленне, дзве царквы, капліца, народнае вучылішча. У 1915 годзе тэрыторыя акупавана Германіяй, 1921 год – у складзе Польшчы, у Косаўскім павеце Навагрудскага ваяводства. 1939 год – у БССР Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці. 226 двароў, 1190 жыхароў, школа, пошта, амбулаторыя. У 1949 годзе ўтварыўся калгас імя Молатава, у 1957 годзе адбылося аб’яднанне калгасаў у адзін «40 гадоў Кастрычніка». У 2003 годзе – рэфармаванне калгаса ў СВК «Дабромысль», з 2008 года – філіял «Дабромысль» ТАА філіял «Брэст-травы».
У 2018 годзе ў вёсцы працуюць дзіцячы сад-школа, дзве крамы, Дом культуры, сельскі савет, ФАП, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, бібліятэка.
Аб’ект «Помнік загінуўшым у гады вайны»
Мы знаходзімся каля абеліска, усталяванага ў памяць аб нашых земляках, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Помнік быў адноўлены ў 1974 годзе. На адкрыцці помніка прысутнічаў Пётр Клімук, лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза. Усяго ад рук акупантаў загінулі 112 чалавек, 68 не вярнуліся з фронту. Першы, хто быў расстраляны ў вёсцы Дабромысль, гэта былы сакратар сельскага Савета Аляксандр Несцеравіч Мінчык і яго сям’я.
Такім жа чынам фашысты разлічыліся і з сем’ямі, члены якіх знаходзіліся ў партызанскім атрадзе.
Ветэранаў застаецца ўсё менш і менш. У нас застаўся толькі адзін ветэран гэтай страшнай вайны, жыхар вёскі Закаплічча Міхаіл Іванавіч Карачун, інвалід вайны 2 групы. Кожны год на Дзень Перамогі ён прыходзіць сюды і разам з аднавяскоўцамі шануе памяць загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Аб’ект «Свята-Мікалаеўская царква»
На ўскраіне вёскі Дабромысль велічна і ўзнёсла ўзвышаюцца ў нябёсы купалы Свята-Мікалаеўскай царквы. Амаль сто пяцьдзясят гадоў разносяцца святочныя пера-звоны па ваколіцах. Толькі ўявіце, першую службу ў гэтай святыні правялі ў верасні 1870 года і не спыняецца яна па сённяшні дзень.
Урачыстае асвячэнне храма ў прысутнасці духавенства, вялікай колькасці вернікаў адбылося ў верасні 1870 года. Наш храм чатырохчастковы падоўжана-восевай кампазіцыі. Зала царквы аддзелена ад алтара трох’ярусным іканастасам. Галоўная святыня нашага храма – Дабромысленская ікона Божай Маці XVII стагоддзя. Унутранае ўбранне храма ўпрыгожваюць кіёты з дубу. У алтары храма ёсць іконы XVIII–XIX стагоддзяў. Захаваліся два Евангеллі, напрастольны крыж. Адно Евангелле – 1890 года, а другое – 1900 года. На званіцы размешчаны чатыры званы, самы стары – 1928 года, а тры – 1938 года. У 1938 годзе, Наталля, дачка графа Варанцова, уладальніка Югаліна, са сваім мужам Аляксандрам Соладавым падаравалі храму імянны звон, самы вялікі з усіх чатырох, вагой 300 кг.
У нашым храме знаходзяцца часцінкі мошчаў святых угоднікаў Божых: Матроны Маскоўскай; прападобнага Серафіма Сароўскага; свяціцеля Лукі Крымскага; прападобнага Сергія Раданежскага; святой велікамучаніцы Варвары; раўнаапостальнай Марыі Магдаліны; велікамучаніка Феадора Цірона; прападобнага Іовы Пачаеўскага і Амфілохія Пачаеўскага.
Аб’ект «Пахаванні салдат і ахвяр вайны»
На могілках у в. Селец пахаваны два воіны Савецкай Арміі, якія загінулі падчас вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін з іх лейтэнант, Міхаіл Андрэевіч Машкоў, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Другі – старшы сяржант Васіль Мітрафанавіч Валавічэнка. Ёсць і магіла невядомага салдата, які адстаў ад свайго батальёна і прыйшоў у вёску. Але яго заўважылі фашысты і расстралялі на вачах жыхароў. Глыбокай ноччу жыхары ўпотай пахавалі яго.
Не толькі салдаты, але і мірныя жыхары гінулі ад рук фашысцкіх захопнікаў. Мы зараз знаходзімся на месцы жылога дома сям’і Голуб, які фашысты спалілі разам з членамі сям’і. На месцы, дзе знаходзіўся дом сям’і, стаіць помнік, дзе напісаны імёны: Голуб Вера Мікалаеўна, Голуб Таццяна Мікалаеўна і Голуб Варвара Мікалаеўна.
Аб’ект «Югалін»
Недалёка ад старадаўняга тракту Масква-Брэст знахо-дзіцца невялікая вёсачка Югалін. У XIX стагоддзі тут была сядзіба Юндзіла – удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, пасля – сядзіба нашчадкаў А. С. Пушкіна Варанцовых-Вельямінавых.
Варанцовы-Вельямінавы – выхадцы са старажытнага рускага роду.
У Івана Іванавіча было чацвёра дарослых дзяцей. Трое памерлі ў маленстве. Яны пахаваны каля царквы ў в. Дабромысль. Там пахаваны і Іван Іванавіч. Уся яго маёмасць была раздзелена паміж дзецьмі. Старэйшаму сыну Ула-дзіміру Іванавічу Варанцову-Вельямінаву дастаўся бацькоўскі дом. Ён ажаніўся на Наталлі Яўгенаўне Кліменка, праўнучцы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У Югаліне ў іх нарадзілася двое дзяцей – Георгій (1926 г.) і Вера (1929 г.). Пакінулі Югалін яны ў 1939 годзе, іх выслалі ў Казах-стан. А Уладзімір Іванавіч памёр у мінскай турме.
Аб’ект «Грудопальскі парк»
Недалёка ад дарожнага тракту Масква-Брэст, каля Сасновага Бору, знаходзіцца Грудопальскі парк. Грудопаль з XVI стагоддзя належыў роду Юндзілаў. Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года маёнтак быў канфіскаваны і перададзены расійскім арыстакратам Варанцовым, а пасля царскай амністыі зноў былі вернуты Юндзілам.
У канцы XVIII стагоддзя ў Грудопалі быў пабудаваны з дрэва аднапавярховы, прамавугольны палац, пакрыты гладкай дахоўкай. За межамі парку знаходзіўся шэраг гаспадарчых пабудоў. У тым ліку, піваварны завод. Разам з палацам быў закладзены вялікі пейзажны парк, у якім пабудавана фамільная капліца-пахавальня. Быў пабудаваны таксама паляўнічы домік.
На тэрыторыі Грудопаля, пасля вайны, у 1953 годзе дзейнічаў дзіцячы дом, у якім выхоўваліся дзеці, бацькі якіх загінулі ў час вайны. Пасля сядзіба ў Грудопалі выкарыстоўвалася ў якасці бальніцы для хворых на сухоты.
У канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў перададзены мясцоваму лясніцтву пад пчальнік.
Парк Грудопаль – вельмі рэдкі прыклад «забытага» парку. У цяперашні час ён з’яўляецца практычна адзіным старадаўнім паркам свайго тыпу, а верагодна, і наогул
адзіным старадаўнім на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна.
Ён узяты пад ахову ў 1993 годзе. Помнікам прыроды абвешчаны з мэтай захавання рэшткаў старадаўняга парку XIX ст. і аховы рэдкіх відаў фаўны і флоры на плошчы 9 гектараў.
Аб’ект «Паштовая станцыя»
З даўніх часоў тэрыторыю Беларусі перасякалі дарогі, гасцінцы, якія злучалі гарады і дзяржавы. Абавязковым атрыбутам найбольш важных дарог былі паштовыя
станцыі.
Першая паштовая станцыя на тэрыторыі нашых зямель размяшчалася ва ўрочышчы Артычанка (недалёка ад пасёлка Сасновы Бор), другая – у Івацэвічах (яе ўжо даўно няма), а трэцяя – у вёсцы Няхачава. Першая паштовая станцыя мае назву Артычанка (па назве лясной рачулкі, якая працякае тут). Артычанка з’яўляецца правым прытокам ракі Шчара.
На паштовай станцыі Артычанка ўтрымлівалася 29 коней, тут працавала дзевяць фурманаў, сярэднясутачны прабег коней складаў 23,6 кіламетра.
Будынак паштовай станцыі ва ўрочышчы Артычанка – помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. І гэта не толькі помнік архітэктуры, але і гістарычнае месца. Тут падчас паўстання 1863-1864 гадоў пабываў яго кіраўнік Кастусь Каліноўскі і выдаў камандзірам атрадаў Ляндэру, Юндзілу і іншым кніжкі для вядзення рахункаў.
Вось і завяршыўся турыстычны маршрут, які мы назвалі «Мая малая радзіма – дабромысленская зямля». Ён уключае сем аб’ектаў. Па сваёй вядомасці іх не магчыма параўнаць з Косаўскім палацам або Мірскім замкам. Аднак знаёмства з гэтымі аб’ектамі можа быць не менш захапляльным. І мы задаволены тым, што на нашай малой радзіме ёсць такія аб’екты.
Нам ёсць чым ганарыцца.
Чакаем усіх у госці.
Таццяна Голік, Сцяпан Куніцкі, настаўнікі УА «Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа».