Сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ. На сустрэчу з кіраўніком беларускай дзяржавы прыехалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў «Укрінфарм» і «Інтэрфакс-Украіна», тэлеканалаў «Украіна», «112 Украіна» і «1+1», газеты «Правительственный курьер».

«Мы ўпершыню, на жаль, сустракаемся ў фармаце прамой размовы з прадстаўнікамі такіх буйных сродкаў масавай інфармацыі Украіны. Гэта добрая практыка, і я прапанаваў бы такую сустрэчу зрабіць традыцыяй. Па-першае, я даведваюся вельмі шмат ад вас аб тым, што адбываецца цяпер ва Украіне. З другога боку, у мяне ёсць магчымасць без усялякіх крыватолкаў, выдумак данесці сваю пазіцыю па фундаментальных пытаннях нашых адносін, — сказаў Прэзідэнт. — Тут вы прадстаўляеце не толькі сродкі масавай інфармацыі, але і ўвесь народ Украіны. І для нас гэта сустрэча — магчымасць сумленнага і адкрытага дыялогу».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы і ўкраінцы настолькі цесна звязаны агульнымі каранямі — гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі, што не маюць права страціць гэта адзінства.

«Мы проста абавязаны захаваць гэту славянскую кроўную роднасць дзеля будучых пакаленняў. Перадаць яе дзецям у імя захавання міру і стабільнасці на нашых землях, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Мы заўсёды адчувалі падтрымку адзін аднаго, нягледзячы на тыя ўзрушэнні, якімі нас выпрабоўваў і выпрабоўвае час. Але мы ведаем, што нам па сілах разам пераадолець усе цяжкасці і знайсці рашэнні на карысць нашых краін і народаў».

Прэзідэнт адзначыў, што Украіна — важнейшы сусед Беларусі, адзін з галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, і менавіта таму адносіны з ёй заўсёды былі ў прыярытэце. Беларусь і Украіна супрацоўнічаюць па шырокім спектры пытанняў: міжнародная бяспека, эканоміка і гандаль, культура, навука, спорт, гуманітарныя праекты. І кожны з гэтых напрамкаў мае вельмі істотнае значэнне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: улада ва Украіне павінна рабіць усё дзеля міру і цэласнасці краіны

«Трэба рабіць любыя крокі для таго, каб вайна была спынена і гэта тэрыторыя пачынала вяртацца да Украіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна скончыцца рана ці позна. Галоўнае пытанне, каб гэты кавалак добрай зямлі вярнуўся Украіне. Гэта найвялікшая каштоўнасць».

Прэзідэнт лічыць, што калі ўкраінскія ўлады хочуць адзінства краіны, то павінны для гэтага рабіць любыя спробы вярнуць мір. «Я пайшоў бы на ўсё. На правядзенне выбараў? Я пайшоў бы на правядзенне выбараў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, там трэба даць гарантыі людзям, якія, як яны гавораць, ваююць за свой кавалак зямлі, сваю сям’ю. Хоць я лічу, гэта таксама не пытанне».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння аднаго жадання вырашыць канфлікт ва Украіне недастаткова — патрэбны канкрэтныя дзеянні.

«Людзям патрэбны дзеянні, якія прынясуць жаданы мір і вынікі. Вось што сёння там чакаюць людзі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба рабіць любыя крокі, трэба адкінуць усе амбіцыі, усім унутры краіны трэба аб’яднацца, каб у галовах з’явілася: трэба захаваць адзінства ва Украіне».

Раней кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў, што канфлікт неабходна вырашыць сіламі самой Украіны, Расіі і Беларусі. Гэтай пазіцыі ён прытрымліваецца і цяпер. «Забудзьце аб усялякіх формулах. Сядзьце ва Украіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт, таму што гэта наш дом. І там ужо не выкруцішся: або вырашай, або гавары, што не хачу вырашаць гэты канфлікт», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак такім шляхам канфліктуючыя бакі пакуль ісці не хочуць, заўважыў Прэзідэнт. Магчыма, дадаў ён, да ўрэгулявання канфлікту трэба падключыць Злучаныя Штаты Амерыкі. «Калі яны ўключацца, будуць нацэлены на мірнае ўрэгуляванне пытання і захаванне цэласнасці дзяржавы ў рамках тых граніц, якія павінны быць ва Украіне, пытанне будзе вырашацца, па меншай меры, на ўсходзе Украіны. Але амерыканцы занялі такую пазіцыю: калі нас паклічуць, то мы прыедзем. Гэта публічна. Але палітыка звычайна робіцца тайна, скрыта — якая там пазіцыя, я магу толькі здагадвацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў час, калі канфлікт на ўсходзе Украіны толькі пачынаў завязвацца. Паводле слоў Прэзідэнта, ён быў уключаны ў абмеркаванне гэтых падзей з усімі бакамі. «Пуцін мне заўсёды, калі я задаваў яму непрыемныя пытанні, тлумачыў, адказваў не толькі наконт Крыма, але і больш за ўсё Данецка. Так я быў уключаны ў абмеркаванне гэтай праблемы з еўрапейцамі», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Магчымыя шляхі вырашэння гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці абмяркоўваў у тэлефоннай размове са старшынёй Еўрапейскага савета Дональдам Тускам. «Захаду я прапанаваў сваё бачанне ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, — адзначыў Прэзідэнт. — І папярэдзіў Туска: «Калі вы не прыміце гэту пазіцыю, я буду ведаць, што як мінімум у Еўропе ёсць людзі, зацікаўленыя ў канфлікце ва Украіне». Ён памаўчаў і сказаў: «Спадар Прэзідэнт, відаць, так». Пасля таго як мы давялі ім наша бачанне, ніякіх зрухаў не настала».

Беларусь нават была гатова ўвесці міратворчыя войскі ва Украіну на ўмовах канфліктуючых бакоў. «Ні ад Украіны, ні ад Расіі адказу на гэта пытанне не было», — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што зможа абмеркаваць магчымыя шляхі вырашэння канфлікту на бліжэйшай сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. «Але вы павінны ведаць: мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасрэднікі. Гэта наогул выключана, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я проста па-чалавечы, па-мужчынску хачу, каб гэта пытанне вырашалася. Калі гэта патрэбна будзе, мы гатовы адыграць пэўную ролю. Але пакуль і такія прапановы былымі кіраўнікамі Украіны адхіляліся».

Лукашэнка падкрэслівае прынцыповую важнасць выканання дамоўленасцей паміж Беларуссю і Украінай

«Падкрэсліваю, гэта пытанне жыцця і смерці — пытанне абавязковасці выканання кожнай дамоўленасці. Будзе гэта — паверце, у нас адносіны будуць развівацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў яго ніколі не было дрэнных адносін з прэзідэнтамі Украіны. Аднак не заўсёды дасягнутыя дамоўленасці рэалізоўваліся на практыцы. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю, калі ўмовіліся абмяняцца тэлеканаламі, але працэс з украінскага боку зацягнуўся.

«Я прывык: сустрэліся, дамовіліся, жалезна (выконваем. — Заўвага БЕЛТА), — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэтага рашэння не было. Хацелася б ад гэтага адысці».

У той жа час ён нагадаў, што Беларусь адгукнулася на просьбу аб дапамозе Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў пастаўцы нафтапрадуктаў у час уборачнай на фоне планаў па рамонтных работах на Мазырскім НПЗ. «Я гавару: добра, я табе абяцаю, на працягу дня разбяруся, што за сітуацыя. Калі толькі ёсць хоць самая малая магчымасць адтэрмінаваць гэты рамонт і паставіць дадаткова нафтапрадукты для ўборкі ўраджаю ва Украіне, я зраблю», — прывёў беларускі лідар падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам Украіны. У выніку аб’ём паставак нафтапрадуктаў быў павялічаны. «Мы ўсё зрабілі, каб Украіне дапамагчы», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«У нашых адносінах вельмі важна выкананне дамоўленасцей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Менавіта таму з’явіўся новы фармат — Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, і гэта дало вынік.

Што датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай у мінулым годзе склаў $5,5 млрд, а ў гэтым годзе дасягне $6 млрд або нават больш. «Гэта велізарны тавараабарот для нашых краін, і гэта галоўнае ў нашай дарожнай карце. Калі мы будзем яшчэ актыўней — думаю, можам нагнаць тое, што ўпусцілі, хаця б пачаць вырашаць нявырашаныя пытанні, зможам спланаваць нашу работу на наступную пяцігодку — 2020-2025 гады. Мы да гэтага гатовы і ў гэтым напрамку будзем працаваць», — падагульніў беларускі лідар.

Лукашэнка: Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны значны не толькі для абедзвюх краін, але і мяне асабіста

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашняе мерапрыемства праводзіцца напярэдадні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры ў пачатку кастрычніка. «Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста», — прызнаўся Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і праз год ужо ў Гомелі адбыўся першы такі форум. «Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны — ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства, і дасягненні тут значныя. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль $5,5 млрд. «Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў. Нас аб’ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. І трэба сказаць, што гэты працэс пастаянна ўзмацняецца, нарастае», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь гатова сумесна з Украінай развіваць сетку аўтамабільных дарог

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўныя трасы, якія праходзяць цераз Беларусь, знаходзяцца ў добрым стане. Асобныя рэканструююць, у прыватнасці дарогу з Мінска ў Вільнюс. Гэты праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. «Хочам пракласці дарогу па поўдні з Гомеля на Брэст паралельна граніцы Украіны, кіламетраў за 200-300 ад яе, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Там ёсць дарога, але яна не для вялікага патоку. Мы маглі б з Кітая, Казахстана, Расіі па паўднёвай частцы накіраваць грузапаток па гэтай дарозе». Рэалізацыя праекта плануецца ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

«У нас сетка дарог вялікая, але хочам дабавіць яшчэ тры-чатыры напрамкі», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, калі будуць эканамічна абгрунтаваныя маршруты з Украіны цераз Беларусь, наша краіна гатова «хоць заўтра прапрацоўваць і ўкладваць грошы». Тым больш што Беларусь мае апрабаваную сучасную тэхналогію будаўніцтва дарог, ёсць прафесійныя, навучаныя кадры ў гэтай галіне. Беларускія дарожна-будаўнічыя арганізацыі ўжо маюць паспяховы вопыт па рэканструкцыі і мадэрнізацыі трас ва Украіне.

Для аднаўлення суднаходства па Дняпры патрэбны больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку — Лукашэнка

«Што датычыцца Беларусі, мы зрабілі ўсё (для рэалізацыі праекта. — Заўвага БЕЛТА). Пытанне стаяла толькі ў адным (яно і цяпер у вас у адным) — гэта паглыбленне дна, трэба паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра. Мы на сябе ўзялі абавязацельствы — паглыбілі дно Прыпяці, — сказаў Прэзідэнт. — Пытанне за вамі. Трэба паглыбіць дно, каб усюды па Дняпры маглі прайсці судны «рака-мора».

Па праекце ў Беларусі планавалася будаўніцтва порта «рака-мора» на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай. Прадугледжваецца і паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.

«Гэты порт (там мы прыцягнулі і прыватныя інвестыцыі), ён фактычна гатовы прымаць судны. Калі ўбачым, што Украіна вельмі зацікаўлена, мы тут дабавім, зробім порт і вырашым іншыя пытанні на яшчэ больш высокім узроўні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Упэўнены, што гэта быў бы сур’ёзнейшы штуршок. Тым больш з улікам таго, што ў нас выдатная лагістыка па сушы (і не толькі па сушы) з Балтыкай. Мы маглі б з поўначы па рацэ ў Чорнае мора пусціць патокі грузаў. Прывабнасць лагістычная, транзітная для Украіны і Беларусі значная, рабочыя месцы, будзем залежаць больш адзін ад аднаго. Чаму гэтым не займацца?» — пералічыў перавагі праекта кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што цяпер патрабуюцца больш актыўныя дзеянні з боку Украіны.

Як паведамляла БЕЛТА, раней тэма грузавых зносін па Дняпры не раз абмяркоўвалася на розных узроўнях у час беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Восенню 2017 года кіраўнікі Гомельскай і Херсонскай абласцей, а таксама ТАА СП «НІБУЛОН» (г.Нікалаеў) падпісалі трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве і партнёрстве з мэтай рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры. Ідэя праекта ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы цераз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі.

Лукашэнка: Беларусь гатова разгледзець любыя просьбы па садзейнічанні ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не важна, як назавуць тую якасць, у якой выступае Беларусь, — міратворцы або пасрэднікі. «Галоўнае, каб гэта было патрэбна вам і іншым, якія ўцягнуты ў гэты канфлікт. Скажу шчыра: каб гэта было трэба нам, вам і расіянам, калі гаварыць пра славянскую еднасць», — сказаў ён.

Што датычыцца прапаноў і просьбаў, з якімі можна звяртацца да Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта справа ўцягнутых у канфлікт бакоў. «Вы можаце прыйсці, але майце на ўвазе адразу, што ёсць тут і больш моцны бок. Ці захоча яна? Калі вы дамовіцеся з расіянамі, і там даверу няма (аксіёма — тады ўводзіцца новая сіла, шукаюць пасрэднікаў), і вы палічыце, што беларусы могуць адыграць сваю ролю і аказаць якую-небудзь пасільную дапамогу, калі ласка, мы гатовы разгледзець любыя просьбы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова прыняць удзел у аднаўленні інфраструктуры Данбаса — Лукашэнка

 

«Я не раз гаварыў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў трывалым міры і стабільнасці ў нашых украінскіх сяброў. Гэта пазіцыя грунтуецца не толькі на платформе добрасуседства. Цяперашні канфлікт на ўсходзе Украіны — гэта боль у сэрцах і беларусаў. Наш боль», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь робіць і прадоўжыць рабіць усё, што ад яе залежыць, для дасягнення міру ва Украіне: ад забеспячэння работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, аказання гуманітарнай дапамогі да ўдзелу ў аднаўленні інфраструктуры Данбаса. «Мы зробім любыя крокі, якія дапамогуць наблізіць нас да міру», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: Беларусь «закрывала» граніцу з Украінай ад зброі, а не ад людзей

«Ніколі ў вашых прыстойных людзей не будзе праблем з перасячэннем беларускай граніцы», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што граніца «закрываецца» ад злачынцаў і паставак зброі з украінскай тэрыторыі. Паводле яго слоў, былі выпадкі, калі ў Беларусі ўчыняліся злачынствы з выкарыстаннем такой зброі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што граніца не павінна быць бар’ерам паміж дзяржавамі і людзьмі, аднак павінна спыняць у тым ліку тэрарыстаў. «Мы вымушаны былі ўзмацніць ахову граніцы перш за ўсё з пункту гледжання паступлення да нас зброі», — адзначыў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым годзе на граніцы з Украінай было спынена каля 70 спроб правозу зброі — гэта практычна палова ад усіх выпадкаў на беларускай граніцы.

Адказваючы на пытанне, каму магла прызначацца ў Беларусі зброя з Украіны, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пакупнік можа быць і з іншай краіны. Гэта значыць Беларусь выкарыстоўваецца для транзіту. «Нядаўна быў трафік Украіна — Літва. І беларусы былі задзейнічаны. Спынілі гэты трафік зброі. Мытнікі дапамаглі, нават не пагранічнікі», — расказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі могуць знаходзіцца зацікаўленыя ў куплі зброі асобы з суседніх дзяржаў. «А ёсць — проста вязуць для таго, каб знайсці пакупніка», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэслівае адсутнасць ваеннай пагрозы для Украіны з боку Беларусі

 

Журналісты пацікавіліся, ці магчыма сітуацыя, калі беларускія ваенныя ў рамках агульных дзеянняў з Расіяй узброеных сіл прыйдуць са зброяй на тэрыторыю Украіны. «Беларускія ваенныя могуць апынуцца на Данбасе, толькі калі я прыму такое рашэнне. Я галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Беларусі. У нас абсалютна мабільная, узброеная, прыстасаваная да сучаснага бою армія. І што самае важнае — дысцыплінаваная. Там не можа быць нейкіх шараханняў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Яны могуць з’явіцца там толькі тады, калі ім будзе загадана галоўнакамандуючым, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Маю пазіцыю па вайне на ўсходзе (Украіны. — Заўвага БЕЛТА) я выклаў, не закранаючы пэўныя нюансы. Што датычыцца ўдзелу ў баявых дзеяннях і каб вы ад нас труны атрымлівалі — я тады не Прэзідэнт Беларусі. Не чакайце ад нас гадасцей».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу на дружалюбны характар двухбаковых адносін. «Мы не можам быць ворагамі вашага народа. І ўсё наша кіраўніцтва, і я як Прэзідэнт, які мае ў тысячу разоў больш паўнамоцтваў, чым у вашага Прэзідэнта, я ніколі на гэта не пайду», — падкрэсліў ён.

Прынцыповая пазіцыя Беларусі зафіксавана таксама ў абарончай дактрыне. «Мы публічна разам з парламентам, мясцовымі ўладамі выпрацоўваем дактрыну. У лістападзе мы прымем новую абарончую дактрыну (у 2020 годзе заканчваецца старая). Калі хочаце, вам накіруем», — прапанаваў Прэзідэнт.

Ён зноў падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі няма агульнай арміі. «У Саюзнай дзяржаве — адзіная групоўка ўзброеных сіл у заходнім напрамку, аснову якой складае беларуская армія — 75 тыс. Мы яе скарачаем, давядзём, магчыма, да 50 тыс. Нам дастаткова. Галоўнае — узбраенне і мабільнасць для таго, каб абарончыя баі весці на тэрыторыі Беларусі, калі нам гэта спатрэбіцца, не дай бог», — растлумачыў беларускі лідар.

Акрамя таго, Расія таксама не зацікаўлена ў тым, каб Беларусь аказалася ўцягнута ва ўзброены канфлікт. «Расіі гэта не патрэбна — каб мы ўцягваліся ў бойку», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў сумненне аб намерах Расіі ўзброеным шляхам захапіць тэрыторыю Украіны: «Для таго, каб захапіць Украіну, учора трэба было (дзейнічаць. — Заўвага БЕЛТА), калі з Крымам была сітуацыя — адны суткі. Цяпер будзе больш складана. І яны самі могуць вырашыць гэту праблему, без нас. Але адразу агаваруся: цяпер гэта будзе вельмі складана. І не толькі таму, што ўкраінская армія стала арміяй і накачала мускулы. А таму, што туды ўцягнута шмат сусветных ігракоў. Таму спроба Расіі, Беларусі або некага захапіць Украіну — адказ будзе імгненным. Перш за ўсё з боку НАТА. Таму што яны будуць адчуваць для сябе сур’ёзную пагрозу».

Прэзідэнт выказаў меркаванне наконт размоў у СМІ аб тым, што Расія і ЗША нібыта вядуць перагаворы аб размене Украіны і Венесуэлы. «Калі толькі Трамп сабе дазволіць гэты размен, а Пуцін — размен па Венесуэле — імгненна страцяць адзін і другі Украіну і Венесуэлу. Украіна ніколі на гэта не згодзіцца, — сказаў беларускі лідар. — Яна нават у бок Трампа перастане глядзець, калі ён асмеліцца гэта зрабіць. Гэта нейкія ўкіды ідуць, прашчупваюць грамадскае меркаванне».

«Я абсалютна перакананы, што Расія ніколі не дазволіць сабе захапіць Украіну, калі вы, вядома, вайну не пачняце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Не перажывайце. Наконт Беларусі абсалютна не перажывайце. Мы не будзем ствараць Расіі залішняе напружанне або праблемы. У Расіі іх і так цяпер шмат. Мы не будзем ствараць Расіі праблемы ў сувязі з узаемаадносінамі з Украінай, хоць гэта і няпроста. І вы ніколі не адчуеце, што з-за Расіі ў вас будуць праблемы з намі. Гэта я вам абяцаю. І не толькі я. І пасля мяне нехта будзе, ён не пойдзе па гэтай дарозе, таму што яна настолькі выбудавана і вымашчана, што звярнуць з яе немагчыма, гэта ўкаранілася ў нашых адносінах», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: у Беларусі няма патэнцыяльных ворагаў, але мы гатовы адбіць пагрозу з любых напрамкаў

«Мы вельмі акуратна выбудоўваем сваю ваенную палітыку і гатовы адбіць пагрозу з любых напрамкаў. Таму ў нас і армія не такая, як ва Украіне або Расіі: у нас няма велізарных часцей, якія могуць быць выстраены франтамі, — у нас выключна мабільныя часці і тэрытарыяльная абарона, куды мы можам прызваць паўмільёна чалавек, — расказаў Аляксандр Лукашэнка, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас пакуль няма патэнцыяльных ворагаў».

Прэзідэнт адзначыў, што мабільныя ўзброеныя сілы гатовы хутка зрэагаваць на любую пагрозу і імгненна рушыць ў патрэбным напрамку, а фарміраваць у выпадку пагрозы вялікія групоўкі нават небяспечна. «Пры сучаснай высокадакладнай зброі цябе заўважаць і там жа, дзе сфарміруеш групоўку, разбамбяць, — растлумачыў ён. — Таму ў нас упор на мабільныя ўзброеныя сілы. Мы вырабляем для іх сваю тэхніку і пачалі ўжо вырабляць сваё ўзбраенне. Не хочам ні ў каго купляць, таму што вопыт Украіны паказвае: ваявалі, ваявалі — снарады скончыліся, і потым трэба ў кагосьці будзе прасіць гэтыя снарады або патроны».

Лукашэнка: занадта шмат пустых і няправільных размоў аб інтэграцыі Беларусі і Расіі

«Занадта шмат не толькі пустых, але абсалютна няправільных, недакладных размоў вакол абмеркавання нашых інтэграцыйных працэсаў з Расіяй. Усе апасаюцца. А чаго апасаюцца? Мы — суверэнная, незалежная дзяржава. Не менш, чым Украіна. Так, на нас уплывае Украіна, Польшча ў рознай ступені. Балтыйскія краіны ў меншай ступені. У большай — Расійская Федэрацыя. Свет узаемазалежны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы суверэнныя і незалежныя. Гэта наша права, як выбудоўваць гэту палітыку, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы як ёсць суверенныя, так і будзем суверенныя. Мы будзем толькі ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць, чаго б нам гэта ні каштавала».

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане расказаў падрабязнасці сваіх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: «Мы калі з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэту праблему (я яе ўзняў), я яму адкрыта сказаў: «Калі ў вас ва ўрадзе або ў цябе думка аб тым, што мы можам увайсці ў склад Расіі або неяк аб’яднацца з Расійскай Федэрацыяй у адну дзяржаву, — выкінь гэта з галавы».

Прэзідэнт растлумачыў, чым абумоўлена такая яго пазіцыя: «Чыста эмацыянальна: я першы Прэзідэнт у гісторыі незалежнай і суверэннай дзяржавы. Скажыце, я што, першы Прэзідэнт для таго, каб пабудаваць гэту дзяржаву і куды-небудзь яе ўключыць? Унутр нейкай дзяржавы?.. Не!»

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расійскі Прэзідэнт запэўніў яго, што такога намеру няма. «Ён гаворыць: «Ды бог з табой, у нас нават думкі такой няма». Такі быў адказ», — расказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што некаторыя і ў Беларусі яго папракаюць у тым, што ён нібыта мае намер здаць суверэнітэт і незалежнасць. «Глупства поўнае. Пляваць мне на маю гэту ўладу. Я 25 гадоў Прэзідэнт, і я што, на 26-м годзе свайго прэзідэнцтва павінен паставіць крыж не толькі на незалежнай Беларусі, але і наогул на жаданні беларусаў, якія стагоддзямі марылі быць незалежнымі?» — заявіў ён.

«Цяпер мы суверенныя і незалежныя. Я што, зноў пад бізун павінен некаму беларусаў аддаць? Не настолькі я трымаюся за гэта крэсла, каб здаць краіну. Гэта маё перакананне», — падкрэсліў беларускі лідар.

Рэзюмуючы, ён заклікаў не насцярожвацца наконт перагавораў аб інтэграцыі, што вядуцца паміж Беларуссю і Расіяй.

Лукашэнка: Беларусь не збіраецца дружыць з Захадам супраць Расіі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўсёды на сустрэчах з прадстаўнікамі ЗША заяўляе, што размовы не атрымаецца, калі яна будзе ісці ў плоскасці беларускага выбару паміж Усходам і Захадам. «Гэта наша пазіцыя. Мы самі будзем вызначаць, якія будуць адносіны з Расіяй і Кітаем з аднаго боку, ЕС і ЗША з другога. Ніколі ніхто не пакрыўдзіўся з амерыканцаў, нават высокапастаўленых. Наадварот, некаторыя загадзя папярэджвалі такую маю ўмову перад перагаворамі і публічна заяўлялі, што перад Беларуссю не ставяць пытанне выбару, а хочуць скарыстаць дзеля міру і спакою ва Усходняй Еўропе, хочуць бачыць Беларусь суверэннай і незалежнай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусі падабаецца такая пазіцыя ЗША. «Мы яе вітаем. Гэта буйнейшая краіна, уплывае на ўсе працэсы ў свеце. Чаму мы павінны з імі мець дрэнныя адносіны? Ні ў якім разе!» — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што часам кантакты Беларусі з заходнімі партнёрамі выклікаюць нейкую заклапочанасць у Расіі. У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сама Расія імкнецца наладзіць і развіваць адносіны з Захадам і ў прыватнасці з ЗША. «Чаму гэта (развіццё ўзаемадзеяння Беларусі з заходнімі партнёрамі. — Заўвага БЕЛТА) павінна некага напружваць у Расіі. Мы ж не дружым з Амерыкай супраць Расіі», — сказаў Прэзідэнт.

Пытанне ад прадстаўнікоў украінскіх СМІ таксама датычылася таго, ці можа пацяпленне ў беларуска-амерыканскіх адносінах паўплываць і пакласці пачатак новаму этапу і ў беларуска-ўкраінскім узаемадзеянні. «Пазіцыя ЗША не будзе вызначальнай у адносінах паміж Беларуссю і Украінай, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нашы адносіны залежаць толькі ад нас. Так, мы будзем аглядвацца на Расію, на амерыканцаў. Але гэта не значыць, што мы будзем такія ўжо залежныя. Чым больш цеснымі будуць адносіны, тым большым гэтаму будзе процідзеянне. Нікому не патрэбны нашы самыя блізкія, самыя цесныя адносіны. Ні там, ні там».

«Навошта на кавалкі падзялілі Югаславію. Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай», — дадаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што, вядома, у Беларусі і Украіны з Расіяй вельмі розныя адносіны. І ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць моцная ўзаемасувязь. Так, Беларусь імпартуе з Расіі шэраг жыццёва неабходных тавараў, у першую чаргу вуглевадароды, прысутнічаюць моцныя кааперацыйныя сувязі. «Я закаранелы савецкі чалавек і гісторык. Вельмі добра ведаю гісторыю нашых узаемаадносін. Мы заўсёды былі разам. Як Украіна-Беларусь, а яшчэ больш — Расія-Беларусь на ўзроўні сямейных, міждзяржаўных адносін. Куды ні кінь, усюды цяснейшыя сувязі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы правялі рэферэндум у краіне аб узаемаадносінах Расіі і Беларусі. У нас няма граніц. Бываюць на перасячэнні адміністрацыйнай граніцы праблемы з пастаўкамі нашых тавараў у Расію. Заўсёды няпроста. Гэта не толькі ўзровень міждзяржаўных адносін, а тая ступень карупцыі, якая ўласціва чыноўнікам у Расіі. Я аб гэтым адкрыта гавару Прэзідэнту Расіі, з якім мы вельмі дружныя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў яго наогул няма ніякіх праблем у адносінах з расійскім калегам: «У нас вельмі добрыя адносіны. Хоць, хапае і іншых праблем, якія трэба вырашаць».

«І з Украінай у нас ёсць праблемы. Дзякуй богу, за гэты кароткі перыяд знаходжання на чале ўлады новага Прэзідэнта (Уладзіміра Зяленскага. — Заўвага БЕЛТА) мы неяк рухаемся, абмяркоўваем. І нават тыя негатыўныя моманты, якія маглі б настаць, не насталі дзякуючы той тэлефоннай размове двух прэзідэнтаў (Беларусі і Украіны. — Заўвага БЕЛТА). Гэта абнадзейвае. Тое, што я гадамі не мог, дамовіўшыся з былым Прэзідэнтам, вырашыць, я спадзяюся, што мы зможам вырашаць гэтыя праблемы. Таму пытанняў хапае», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: не хочам зрабіць яблыкам разладу рускую мову

Украінскі журналіст, які звярнуўся з пытаннем, лічыць, што ў Беларусі перавага аддаецца рускай, і нават напісанне на дзяржаўных будынках часта на рускай, а не беларускай мове.

«Я пабойваюся палітызаваць і ўводзіць у абсалют гэта пытанне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што рашэнне прынялі людзі ў час рэферэндуму, падтрымаўшы менавіта роўны статус дзвюх моў. Прэзідэнт адзначыў: «Мы наконт гэтага не бачым вялікай насцярожанасці… Не хочам зрабіць яблыкам разладу рускую мову».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яго часам крытыкуюць па моўным пытанні: «У нас дзве дзяржаўныя мовы, роўны статус беларускай і рускай. Гэта рашэнне рэферэндуму». Гэтак жа і па дзяржаўнай сімволіцы рашэнне беларусы прынялі на рэферэндуме. Прэзідэнт нагадаў, што раней у краіне была іншая сімволіка, якая выкарыстоўвалася ў тым ліку на прэзідэнцкім аўтамабілі. «Гэта быў закон, і я яго выконваў», — растлумачыў ён.

«Што датычыцца тэндэнцыі — так, мы больш гаворым на рускай, чым на беларускай», — канстатаваў Прэзідэнт і падкрэсліў, што не бачыць у гэтым вялікай праблемы. Пры гэтым ён адзначыў, што ў краіне беларускую мову ведаюць практычна ўсе, і апошнім часам зроблена нямала для яе папулярызацыі.

«Не трэба ламаць насельніцтва і прымушаць размаўляць на той мове, на якой улада хацела б, нават калі гэта нечым абгрунтавана. На гэта патрэбны час. І ісці трэба вельмі акуратна і спакойна», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь прапрацоўвае варыянты пастаўкі нафты з рынкаў, альтэрнатыўных расійскаму

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, упамянуў аб падатковым манеўры ў нафтавай сферы Расіі, адзначыўшы, што Беларусь у выніку гэтага вымушана ў тым ліку шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, вядома, залежная ад Расіі ў плане паставак сыравіны і вуглевадародаў. «Але сёння гэта не катастрофа. Падатковы манеўр падкінулі нам. Некалі мы атрымлівалі ад перапрацоўкі расійскай нафты, куплялі ў іх нафту без мытні (у нас Мытны саюз, свабодны гандаль). Але яны настаялі, каб мы, прадаючы нафтапрадукты Украіне і іншым, частку грошай ім аддавалі. Потым убачылі, што гэта шмат (застаецца ў распараджэнні Беларусі. — Заўвага БЕЛТА). Увялі гэты падатковы манеўр. Гэта значыць у сябе ўвялі на нафту падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Мытнай пошліны быццам няма ў гандлі, але яны ўвялі падатак, і нафта падаражэла», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта значыць, што нашы два нафтаперапрацоўчыя заводы апынуліся ў нявыгадным становішчы ў параўнанні з іх заводамі. Больш таго, цяпер дайшлі да таго, што ПЗКВ забралі, цяпер вяртаюць НПЗ (расійскім. — Заўвага БЕЛТА). Нашым заводам не вяртаюць. І нафта адразу падаражэла. Нас падводзяць да сусветнай цаны. На што я публічна ў Піцеры апошні раз сказаў: «Калі так, тады мы вымушаны будзем закупляць з рынку нафту», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што расійская нафта маркі Urals не самай высокай якасці на сусветным рынку. Беларусь раней ужо адпрацоўвала альтэрнатыўныя пастаўкі нафты па нафтаправодзе Адэса — Броды.

«Я на перагаворах сказаў адкрыта: мы маем тры варыянты, падлічваем пастаўкі нафты на свае заводы. Больш таго, мы гэтыя заводы ў бягучым годзе ў асноўным мадэрнізуем. Яны ўжо будуць прыбытковымі, калі мы купім дарагую нафту ў Міжземным або Чорным моры, або на Балтыцы. Мы купім, перапрацуем і не будзем цярпець страту», — заявіў беларускі лідар.

«Але 25 млн т нафты мы можам сёння перапрацаваць, і мы гэту нафту прывязём на рынак Расіі (так яны цяпер пастаўляюць тут). Возьмем, дапусцім, іранскую, амерыканскую, саудаўскую, у Арабскіх Эміратаў (нядаўна шэйх тут быў, мы вялі перагаворы). Вам гэта патрэбна (Расіі. — Заўвага БЕЛТА)? Вы страціце рынак. Мінімум 20-25 млн т. Упэўнены, не патрэбна. Дык давайце дамаўляцца! Не атрымліваецца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў аб варыянтах альтэрнатыўных паставак, што прапрацоўваюцца. «Адэса — Броды варыянт выкарыстоўвалі, чыгуначным транспартам з Адэсы пастаўлялі. Гэта даражэй. Што дзіўна, самым выгадным аказаўся маршрут паставак з Гданьска — цераз Польшчу ў Беларусь. Перамычку зробім, на два заводы будзем адразу пастаўляць, — адзначыў Прэзідэнт. — З чатырох нітак нафтаправода «Дружба» мы забяром спачатку дзве. І рэверсам будзем пампаваць. Не з Расіі нафта пойдзе, а адтуль (цераз Польшчу. — Заўвага БЕЛТА) да нас. Але гэта не рычагі націску. Гэта пошук альтэрнатывы. Трэці напрамак — цераз парты Літвы і Латвіі. І ўсюды мы падцягваем інтарэсы транзітных дзяржаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і Украіна зацікаўлена ў пастаўках нафтапрадуктаў — дызельнага паліва і бензіну, Беларусь у гэтым плане робіць якасны прадукт, якраз заканчваецца мадэрнізацыя адпаведнай устаноўкі для глыбокай перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ. «Мы можам перапрацаваць (нафту. — Заўвага БЕЛТА). І калі мы цераз Украіну будзем пастаўляць, дык мы гатовы Украіну ў гэты праект прыцягнуць. Вам жа патрэбны гэтыя нафтапрадукты. Давайце разам працаваць. Цяпер нашы бізнесмены купілі нейкую нітку «Прыкарпат Захад Транс». І пробную партыю прапампавалі ўжо — недзе 8 тыс. т. Мы гатовы і тут працаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не бачыць пагроз для суверэнітэту Беларусі ў супрацоўніцтве з Кітаем

Прэзідэнт падкрэсліў, што не лічыць супрацоўніцтва з Кітаем пагрозай для суверэнітэту Беларусі. У той жа час, заўважыў ён, у беларуска-кітайскім партнёрстве, як і ў любых міждзяржаўных адносінах, ёсць свая мяжа, якую бакі не будуць пераходзіць.

«У мяне насцярожанасці амаль няма ў адносінах да Кітая. Тое, што яны экспансіруюць на рынкі, — а хто не ажыццяўляе экспансію? Усе. Вазьміце Еўрасаюз — яны падцягнулі Прыбалтыку і іншыя краіны, таму што перш за ўсё бачылі рынак. Інакш навошта ім з бюджэту выдаваць $2-3 млрд падтрымкі? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Гэта, як цяпер гавораць, бізнес, здзелка».

Лукашэнка: новае пакаленне не можа дазволіць здаць Беларусь

Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў незалежны курс далейшага развіцця суверэннай Беларусі. Прэзідэнт звярнуў увагу на міралюбівы і незалежны характар беларускага народа. Асабліва гэта датычыцца цяперашняга маладога пакалення беларусаў, якія нарадзіліся ў перыяд суверэннай Беларусі і не ведаюць, што такое Савецкі Саюз.

«Вось гэта трэба ўлічваць — што людзі нарадзіліся ў незалежнай, суверэннай Беларусі. Яны не хочуць ні з кім канфліктаваць. Для іх што ўкраінец, што рускі — аднолькава», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Нахіліць і паставіць на калені — гэта не з Лукашэнкам, і гэта не з беларускім народам. З’явілася новае пакаленне. Гэтыя людзі не могуць сабе дазволіць здаць Беларусь», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Дыялог кіраўніка дзяржавы з журналістамі прадаўжаўся амаль 3,5 гадзіны. Удзельнікі сустрэчы змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, удакладніць пазіцыю Беларусі па ключавых аспектах міжнароднага і двухбаковага парадку дня, скласці асабістае ўражанне аб краіне і яе лідару.

Пасля завяршэння размовы Прэзідэнт падзякаваў за канструктыўную дыскусію: «Я вам удзячны за тое, што прыехалі, асабліва тым, хто не першы раз у мяне. Дзякуй вам за тое, што беларусаў падтрымліваеце, добра да іх ставіцеся, у тым лік і да мяне».

Па матэрыялах БелТА.