Галы на самы розны густ

У апошнюю суботу верасня ФК “Івацэвічы” на дамашняй арэне прымала моцнага сярэдняка – ФК “Асіповічы” з Магілёўскай вобласці. У першым крузе нашы сапернікі на дамашняй арэне атрымалі мінімальную перамогу над ФК “Івацэвічы” – 1:0.

На “Кляноўка-арэне” каманды вырашылі не адседжвацца ў абароне, футбольнае шчасце шукалі ў атацы. Напачатку і напрыканцы першага тайма нашы рабяты вызначыліся, але камфортная перавага ў ліку ў другім тайме адразу знікла: госці спачатку звялі лік да мінімальнага, а калі “Івацэвічы” вызначыліся яшчэ раз, то двойчы ў асіповіцкай каманды “выстраліў” нападаючы Доўбня, які ўдала выйшаў на замену – 3:3. Але футбольнае шчасце ў гэты дзень было на баку нашай каманды: ужо ў кампенсаваны час арбітр прызначыў пенальці ў вароты гасцей, які рэалізаваў Ягор Піцык – 4:3. Перамога дазволіла ФК “Івацэвічы” замацавацца на пятым радку ў турнірнай табліцы.

Наступны тур наша каманда прапускае, пасля 12 кастрычніка згуляе ў Мар’інай Горцы супраць “Вікторыі”, 19 кастрычніка на “Кляноўка-арэне” супраць “Нёман-агра” са Стоўбцаў.

Аляксандр ГОРБАЧ.