Пад прыцэлам…

Кожны з нас можа стаць ахвярай
Сучасны тэлефон з відэакамерай пераўтвораны ў зброю такой магутнасці, што можа ламаць лёсы дзясяткаў людзей.

Аб вядомым
У звычайнай школе г. Гомеля здарыўся канфлікт між вучнем і настаўнікам. Не такая і надзвычайная з’ява. Ён мог бы затухнуць без аніякіх вынікаў для абодвух бакоў, мог бы стаць падставай для ўнутрышкольных «разборак» з удзелам кіраўніцтва школы і бацькоў. Але адзін вучань прынёс дадому відэазапіс з тэлефона, баць-
ка, не доўга думаючы, размясціў яго ў сеціве. І атрымаўся выбух з абмеркаванняў, асуджэнняў і абароны. Рэакцыя чыноўнікаў горада і вобласці была, на мой погляд, надзвычай рэзкая і хуткая: цэлы «дэсант» прыбыў у школу, каб тут жа звольніць настаўніцу, дарэчы, якая мела 35 гадоў стажу.
Страсці не заціхалі тыдзень.
І тады ўмяшаўся Прэзідэнт краіны. Настаўніца па яго рашэнні была адноўлена на рабоце, шэраг чыноўнікаў ад міністра і ніжэй былі пакараныя розным чынам – ад папярэджанняў да звальненняў. У сваім рашэнні Прэзідэнт абапіраўся на свае ж агучаныя ў пачатку навучальнага года словы: «Справа ў тым, што вы не пачулі мяне на лінейцы, калі я адкрываў новую школу ва Уруччы, што ў нас бардак у школе. І гэты парадак трэба наводзіць. Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – А пачынаецца адсюль – са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сетку. І гэта ў чацвёртым класе».

Паўпраўда – заўжды мана
Ні ў якім разе не збіраюся ў гэтых нататках некага судзіць, высвятляць: хто больш вінаваты – настаўніца ці вучань. І вас прашу на нейкі момант забыцца на гэта. А падумаць над іншым: што ўвогуле атрымалася?
Мяне гэты выпадак шакаваў зусім не канфліктам. Іншым. І вось пра гэта іншае прашу вас паразважаць разам са мной.
У народзе так і кажуць: паўпраўда – мана. Некалькі год таму здарыўся выпадак, які літаральна на пальцах паказаў, якая небяспека стаіць за той паўпраўдай.
Здымак быў зроблены падчас вайны ў Іраку. Няшчасны палонны побач са ствалом вінтоўкі. І менавіта такія кадры тады папаўзлі па сеціве. Але гэты ж палонны быў і на другім здымку – там яму давалі піць з біклажкі. І такі здымак распаўсюджваўся. А ўся праўда была разам – адзін ваеннапалонны і два салдаты…
Гэта я да чаго?
Ды той відэафільм аб канфлікце ў школе па сведчанні бацькоў некаторых вучняў таго класа аказаўся… паўпраўдай. У тым відэа адсутнічае момант, які тлумачыць, чаму адбылася такая неадназначная рэакцыя настаўніцы. Бо выявілася: яна не без дай прычыны пагражала вучню, а тлумачыла, што магло б здарыцца з-за ягоных дзеянняў.
І цяпер мы пачынаем разумець прычыну яе слоў.
Ды галоўным робіцца іншае: навошта бацька вучня, які зрабіў запіс, не стаў склікаць бацькоўскі сход, не пайшоў з фільмам да дырэктара школы, а хутчэй «закінуў» яго ў сеціва?

«Крутасць»
Быць «крутым» – значыць, вядомым, ці незалежным фінансава, ці смелым і рашучым, ці папулярным у наш час можна, не маючы ні сілы, ні таленту. Хопіць вэб-камеры ці тэлефона.
Можна зрабіць сэлфі ў такім месцы, дзе ніхто не рабіў. Рызыкаваць загінуць, канешне. Але калі жывы застанешся – слава, вядомасць, «лайкі» і «класы».
Можна зняць відэафільм. Хоць тых відэа – мільёны і мільярды ўжо, можа. Значыць, трэба такі фільм, які б сапраўды выбухнуў. Прывабіў. Зацікавіў.
Адносіны і паводзіны людзей падчас канфліктаў, на мяжы цярпення ці за ёй – найсмачнейшы кавалак для заклапочаных сваёй вядомасцю.
Мы ж так любім глядзець, як сварацца, б’юцца, валяюцца п’янымі іншыя.
Ці кожны з нас, сустракаючы такое відэа, дапускае, што сам можа стаць «героем» нечага фільма?

Знікненне эмпатыі
Вы бачыце, як па вуліцы ідзе з цяжкасцю стары чалавек. Міжволі спачуваеце яму.
Галоднае кацяня трасецца ад холаду на вашым шляху – шкадуеце.
Паслізнулася і ўпала жанчына на тратуары – спяшаецеся на дапамогу.
На вашых вачах адбылася аварыя, кроў і стогны – вы жахаецеся.
Гэта норма. Гэта праяўлення эмпатыі. Эмпатыя – здольнасць чалавека да супе-
ражывання, да адчування ім таго стану, у якім апынуўся другі чалавек ці жывёла.
Чалавека, не здольнага да эмпатыі, мы называем чэрствым, раўнадушным. І не лічым гэта нормай.
Жаданне зняць «круты», выбуховы відэаролік патрабуе забыцца на шкадаванне, спачуванне, патрэбнасць дапамогі.
Пажар у жылым доме ў цэнтры Івацэвічаў – дзясяткі «рэпарцёраў» нацэліліся на полымя. Іх хвалюе толькі адно: каб добра атрымалася «кіно».
Дарослы збівае шчанюка – нехта побач стаіць з камерай.
Падлеткі б’юцца між сабой, жорстка, да крыві – нехта стаіць з камерай.
Тая ж аварыя са смерцю – нехта побач з камерай, і каб больш жудасці, каб больш крыві трапіла ў кадр.
Прызнанне доктара навук, культуролага, жанчыны сталага веку. Яна падчас лекцыі на тэму сацыяльных роляў у грамадстве і адпавядання паводзін гэтым ролям прыводзіла раней, для лепшага разумення, прыклад. «Кажу студэнтам: вось я – выкладчык. І падчас лекцыі я залажу на стол і пачынаю танцаваць канкан. Што б вы рабілі, – пытаюся ў студэнтаў. Мне адказваюць дзяўчаты: «Паспрабавалі б вас супакоіць». Хлопцы больш жорсткія: «Выклікалі б брыгаду псіхіятраў». Гэта былі самыя распаўсюджаныя адказы. І яны – правільныя. Але два гады таму на маё пытанне, мне адказалі: «Знялі б на відэа і размясцілі на ютубе». Я рассмяялася тады разам з усімі, а па спіне папоўз холад. Мне стала страшна. І больш такіх прыкладаў я не прыводжу. Ведаю адказ…»

Абарона
Не ведаю чаму, але наша заканадаў-
ства не паспявае за зменамі часу. Ішлі размовы пра тое, каб прыняць закон аб абароне прыватнага жыцця. Гэты закон павінен быў бы ўрэшце расставіць усе кропкі над «і» і адказаць на галоўнае пытанне: ці мае нехта права сфатаграфаваць вас, зняць відэа з вашым удзелам і пасля апублікаваць здымак ці фільм без вашай на тое згоды?
Калі справа тычыцца работы журналіста, то мы ведаем: закон дазваляе нам рабіць здымкі ў грамадскіх месцах. Само адкрытае з’яўленне фотакарэспандэнта, які нацэліўся на вас аб’ектывам, нібы кажа вам: вас здымаюць, пасля апублікуюць. Ёсць важны нюанс: нехта можа сказаць, што не жадае публічнасці. І журналіст абавязаны тое пажаданне выканаць.
А калі то міліцыянер пры выкананні службовых абавязкаў – ці мае права вадзіцель здымаць яго на відэарэгістратар, каб пасля публікаваць?
Ці мае права вучань здымаць настаўніка, студэнт – прафесара на занятках?
Вы здзівіцеся, але на тым самым дэмакратычным Захадзе за публікацыю здымка супраць нязгоды чалавека або без яго ведама можна вельмі і вельмі пацярпець у судовым парадку. Там дзейнічае жорсткі закон аб абароне прыватнага і асабістага жыцця.
Многія кажуць, што відэаздымка – гарант абароны, што той самы відэафільм пасля будзе доказам віны ці нявіннасці.
«Нам трэба абараніць дзяцей у школах», – усхвалявана патрабуюць іншыя. Рацыя быццам ёсць. Відэаназіранне ў школах павінна быць – на тэрыторыі, у калідорах. Але ці можна яго ўсталёўваць у класах з запісам урока? Урок – гэта не абслугоўванне кліента ў тым жа банку ці магазіне. Гэта працэс, і працэс творчы. Хто здольны тварыць пад камерай?
І тады, чаму спыняцца на школе? Калі ўжо абараняць правы дзяцей, дык давайце ўстановім і будзем запісваць паво-
дзіны дзяцей і бацькоў дома. Ці крычаць на дзіця, якімі словамі абзываюць, ці пляскаюць па мяккім месцы далонню ці
папругай?

Жыццё пад прыцэлам
Не так даўно па сеціве гуляў відэаролік, зняты ў нашых Івацэвічах. Там п’яны мужчына… карацей, вёў сябе вельмі непрыгожа. Яму загадвалі – ён рабіў. І тут жа, канешне, здымалі, пад рогат і крыкі.
Што гэты мужчына – нечы бацька, дзядуля, – падумаў нехта?
Раней бачыў відэаролік, дзе жанчына, як мы кажам, паўнаватая для свайго росту, з дзвюма цяжкімі сумкамі, задыхаючыся, бегла ды прыпынку, куды падышоў гарадскі аўтобус.
Што яна – нечая маці, бабуля, сястра, жонка, – нехта думаў?
У сеціве поўна ролікаў, дзе людзі спяшаюцца, спатыкаюцца, падаюць, – і робяцца аб’ектамі для злараднага смеху.
Кожны можа апынуцца пад прыцэлам вочка тэлефона. І стаць «героем» відэафільма «крутога» блогера.
І пакуль у нас няма закона, які б нас абараніў ад пазбаўленых эмпатыі «відэааператараў» з іх настойлівым жаданнем зняць чарговае «кіно», каб «паржаць», атрымаць «лайкі».
То бараніцца трэба самім. Ёсць яшчэ разуменне гаспадара на сваёй тэрыторыі, дзе можна забараніць весці фота- і відэа-
здымкі сваім гаспадарскім рашэннем.
Дзеля даведкі скажу: у большасці краін Захаду карыстанне вучнем тэлефонам у школе забаронена катэгарычна. І ўспрымаецца грамадствам даўно як норма.
Валерый Гапееў.