Крок аднаго чалавека пачуў увесь горад…

Пра забруджванне безыменнага канала ў Івацэвічах – падрабязнасці

Уявіце на хвілінку: вось ветрык павярнуў у бок вашага дома, смурод ад канала такі, што хочацца прыкрыць нос. І вы дзеліцеся сваім абурэннем з суседам. А ён згаджаецца: так, чорт ведама што! Трэба прымаць меры! Куды глядзіць… – і пералічвае пэўныя службы з веданнем справы.

І вам ніяк не здагадацца, што гэты ветлівы ваш сусед якраз і ёсць віноўнік. Ён забрудзіў канал. Гэта ён зліў крадком каналізацыйныя сцёкі, якія павінен быў вывезці на палі фільтрацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але не вывез. Чаму? Мо пашкадаваў часу. Ці тых грошай, якія трэба б было заплаціць. Ці бензіну ў сваім аўтамабілі.

Парадаксальнасць гэтай уяўнай сітуацыі ў тым, што яна ўжо магла адбыцца.

Таму што некалькі тон каналізацыйных сцёкаў аднаразова трапілі ў безыменны канал у пачатку райцэнтра. І вінаваты ў гэтым не міфічны завод, не сельскагаспадарчая ферма, а адзін чалавек.

– Мы не ведаем пакуль канкрэтнага прозвішча таго, хто гэта зрабіў. Але адміністрацыйны працэс адкрыты, вядзецца праверка. Ніхто рукой на такое дзеянне махаць не будзе, бо за такія дзеянні прадугледжана адказнасць як па адміністрацыйным, так і па Крымінальным Кодэксе Рэспублікі Беларусь, –  гаворыць начальнік Івацэвіцкай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Сяргей Прус. З ім сёння наша размова.

– Сяргей Паўлавіч, людзі тэлефануюць у рэдакцыю, абураныя, занепакоеныя. Непрыемны пах не знікае, трымаецца. Многія ўпэўнены, што, маўляў, нічога не робіцца, сцёкі каналізацыі паступаюць у канал па сёння…

– Гэта абсалютна беспадстаўна. Адразу ж, як толькі паступілі першыя сігналы аб пабочным паху ад канала, мы праверылі яго і высветлілі: было месца ўкіду сцёкавых вод. Прасцей кажучы, у нейкі адзін дзень поўную асенізацыйную бочку злілі прама ў канал.

– Калі гэта адбылося?

– Сёння цяжка сказаць, але ўжо 19 верасня былі зроблены заборы вады на аналіз, 20 верасня атрыманы рэзультаты.

– Што яны паказалі?

– Рэзультаты экспертызы, што называецца, пацвердзілі пах і колер вады. У вадзе канала выяўлены увесь спектр рэчываў, які адпавядае менавіта ўкіду каналізацыйных сцёкаў. І цалкам адсутнічае кісларод. Гэта значыць, калі б у канале была рыба, яна б загінула. У любым выпадку, пацярпела ўся фаўна канала.

– Апошні час канал аблюбавалі дзікія качкі, яны знаходзілі тут спажыву, не баяліся людзей, спакойна плавалі, на іх дзівіліся дзеці ля Івацэвіцкага ГДК…

– Качкі, мабыць, па інерцыі, яшчэ застаюцца тут, але, самі вы бачылі, якога колеру вада.

– Канал не маленькі, адна бочка – і на ўсім працягу ажно да ракі – вада мае характэрны колер і пах. Ёсць чаму здзіўляцца…

– Дзве-тры маленечкія крышталікі марганцоўкі фарбуюць усю шклянку вады. Гэта хімія…  А тут не вядро, а некалькі тон. Чаму не сцякае, не чысцее? Справа ў тым, што сцёкавыя воды цяжэйшыя за прастую ваду, яны асядаюць на дно. І паступова зносяцца цячэннем. А вось цячэнне ў канале вельмі павольнае, асабліва ў месцы ўкіду. Да таго ж, расліннасць.  Усё гэта замаруджвае працэс самаачышчэння канала. А пах не зменшыўся, бо ён якраз павялічыўся – пачаўся працэс распаду сцёкавых вод, які, па законе і нормах, павінен адбывацца на палях фільтрацыі.

– Людзі пыталіся: хіба няма ніякіх сродкаў для таго, каб ачысціць канал?

– Для ачысткі вады менавіта ад каналізацыйных сцёкаў у прамысловасці можа выкарыстоўвацца рэчыва на аснове шчолачы. Шчолач раз’ядае арганічныя  складнікі сцёкаў, асаджвае на дно цяжкія металы – свінец, цынк, жалеза… Але тое магчыма выкарыстаць у абмежаваным аб’ёме, выкарыстоўваць шчолач, каб нейтралізаваць сцёкавыя воды ў рэчцы – нерэальна. Мала таго, што той шчолачы трэба велізарная колькасць, але ж урон прыродзе будзе нанесены яшчэ большы.

– Застаецца чакаць, калі сама прырода з дапамогай дажджоў справіцца з ачысткай канала?

– Так, іншага не застаецца.

– Канал упадае ў Грыўду, гэта выклікае неспакой.

– Канешне. Але заборы вады праводзіліся не ў адным месцы канала, у некалькіх кропках, у тым ліку ў Грыўдзе пасля ўпадзення ў яе канала. Супакою: узровень кіслароду ў рацэ 6,2-6,7 адзінак пры норме 6. Тут небяспекі няма.

– Але ж справа так не закончыцца, як яна ёсць сёння?

– Вядома ж, не. Расследаванне па адміністрацыйным працэсе будзе прадоўжана, разлічваю на дапамогу з боку кампетэнтных органаў, ёсць пэўныя напрацоўкі. У любым выпадку, мой цвёрды намер – выявіць віноўніка.

***

Мы многа кажам пра тое, што горад павінен стаць домам для ўсіх і кожнага. Мы многа робім для таго, каб ён і стаў такім. Многія з нас адчувалі гонар за свой горад перад гасцямі падчас святкавання 500-годззя Івацэвічаў. Сёння прыкра не толькі з-за таго, што нехта забрудзіў канал. У тэлефонных званках, пры сустрэчах з людзьмі адчувалася, што людзі падазраюць у зброджванні канала не канкрэтнага чалавека – такога ж жыхара райцэнтра, як яны самі, але безаблічную арганізацыю. Хоць бы суседняе сельгаспрадпрыемства. Што гэта? Стэрэатып мышлення, дзе «простыя» людзі ніколі ні ў чым не вінаватыя, ці нежаданне прыняць той факт, што, магчыма, твой сусед і зрабіў той крок, пах ад якога пачуў увесь горад? Яшчэ непрыемным было пачуць адразу ж абвінавачванні: маўляў, вось, нічога не робіцца, смурод стаіць, а нікому няма справы…

Справа заўсёды ёсць да такіх надзвычайных здарэнняў. Ёсць службы, якія кантралююць і адсочваюць. Ды нельга за кожным з нас паставіць наглядчыка і кантралёра, нельга ў адзін момант забяспечыць горад сістэмамі відэакантролю (а яны, атрымліваецца, патрэбныя).

Нанесены прыродзе ўрон з цягам часу мінімізуецца. Прырода ўмее залечваць раны, нанесеныя ёй чалавекам. І таму важна іншае: каб невялікі рубец застаўся ў нашай свядомасці – мы ўсе, кожны з нас, у адказнасці за тое месца, дзе мы жывём.

Валерый Гапееў. Фота аўтара.