Пакуль імчыць «Стрыж»

Для пасажыраў цягнікоў і асоб, хто іх суправаджае ці сустракае, на чыгуначнай станцыі Івацэвічы створаны ўсе ўмовы, каб пасадка і высадка праходзіла максімальна спакойна і бяспечна. Тым не меней, ёсць прамежак часу, калі на чыгуначнай платформе ствараецца сітуацыя, якая можа прывесці да здарэння.
Прыкладна ў 20 гадзін 20 мінут на трэцім пуці ад перона праводзіцца высадка і пасадка пасажыраў на цягнік «Штадлер», які рухаецца ў Мінск, на першым пуці – знаходзіцца электрапоезд, што накіроўваецца ў Брэст. Сітуацыя няпростая, але яна тым больш ускладняецца, бо якраз у гэты час па другім пуці ад перона ў пятніцу і нядзелю імчыць «Стрыж» – хуткі цягнік «Масква-Берлін». Хуткасць, што ён развівае на дадзеным участку, – каля 140 кіламетраў у гадзіну. І якраз у гэты час на чыгуначным вакзале, на пасадачных платформах найбольш ажыўлена.
Як расказваў адзін з пасажыраў, які знаходзіўся на пасадачнай платформе, ад удару паветранай хвалі, што ўтварыў гэты цягнік, ён не ўтрымаўся на нагах, упаў на калені… На шчасце, няшчасных выпадкаў на станцыі Івацэвічы ў гэты час, калі адначасова сустракаюцца тры цягнікі, не фіксавалася, але вельмі прашу пасажыраў і суправаджаючых іх асоб: будзьце максімальна абачлівымі і няспешнымі. І «Штадлер», і электрацягнік спецыяльна затрымліваюцца, каб вы паспелі спакойна сесці і накіравацца ў шлях. Не рабіце спантанных рэзкіх рухаў, бо адзін няправільны крок можа каштаваць занадта дорага.
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік лінейнага пункта міліцыі на станцыі Івацэвічы.