Нават пін-код ведаць не трэба, каб «абчысціць» вашу пластыкавую банкаўскую картку

Двое маладых людзей, хлопец і дзяўчына, якія з’яўляюцца навучэнцамі Івацэвіцкага прафліцэя сельгасвытворчасці, прыйшлі да банкамата. Хлопец планаваў зняць грошы з банкаўскай карткі і даў літаральна на некалькі секунд патрымаць яе дзяўчыне.
Гэтага часу хапіла, каб ягоная сяброўка непрыкметна сфатаграфавала картку з двух бакоў, пасля вярнула яе сябру.
Праз пэўны час малады чалавек заўважыў: з рахунку зніклі грошы. Звярнуўся ў праваахоўныя органы. Расследаванне пацвердзіла: на рахунку гаспадарыла дзяўчына, якая цераз інтэрнэт-магазін з чужой карткі стала набываць рэчы для сябе.
Узбуджана крымінальная справа.
Падобных крымінальных спраў, узбуджаных у нашым раёне з пачатку года, не адна і не дзве – мноства… Кожны з нас папярэджваецца пра тое, што пластыкавая картка не павінна трапляць у чужыя рукі, але далёка не кожны выконвае патрабаванне. Так, Р., жыхар Івацэвічаў, які меў на рахунку немалую суму грошай, паведаміў сябрам-сабутэльнікам пін-код і даў сваю картку, калі яны накіраваліся ў магазін за гарэлкай. І калі Р. пасля заснуў, то сябры «гарэзілі» з чужой карткай усю ноч, нават у суседні раён з’ездзілі за чужыя грошы! Цяпер Р. з дапамогай міліцыі спрабуе разабрацца, куды зніклі грошы…
Дарэчы, ці ведаеце вы, што нават у магазіне прадавец не мае права браць у рукі банкаўскую картку пакупніка? Гэтая норма прадыктавана жыццём: у Беларусі фіксаваліся крадзяжы з рахунку карткі грошай, іх змагла ажыццявіць прадавец, якая мела добрую памяць. Вось як усё адбывалася. Узяўшы картку пакупніка ў рукі, яна запамінала, а пасля разліку пакупніка адразу запісвала камбінацыю лічбаў. І ў дадзеным выпадку «памяці і ведаў» хапала, каб карыстацца грашыма з чужых рахункаў.
Таму ў чарговы раз нагадваю: захаванасць грашовых сродкаў на рахунку вашай карткі залежыць ад вас. Яна не павінна «хадзіць па руках», ляжаць ва ўсіх на віду. Разлічыліся – і адразу па-
клалі ў недаступнае для чужых рук і вачэй месца. У такім выпадку вы будзеце ўпэўнены, што за вашы грошы ніхто не будзе шыкаваць, набываць тавары ў інтэрнэт-магазіне…
Мікіта ДУДЗІК, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.