Браканьеры злавілі… крымінальную справу

і павінны пагасіць урон на 6 936 рублёў

Двое ўжо немаладых мужчын, ураджэнцы Бабровічаў, у адзін з вераснёўскіх дзён выплылі на лодцы на Бабровіцкае возера і ўстанавілі рыбалоўную сетку даўжынёй каля 400 метраў. За ўловам выплылі на наступны дзень. Якраз у гэты дзень на дадзеным вадаёме дзяжурылі інспектары Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Яны падрабязна знялі на відэа працэс зняцця сетак і збор рыбы, а калі гэтыя два браканьеры прычалілі да берага, то затрымалі абаіх.

Улоў, які спачатку парадаваў браканьераў, пасля моцна іх засмуціў, бо ўрон якраз і налічваецца ад колькасці вылаўленай рыбы. Карацей: 38 экзэмпляраў карпа, 32 акуні, 2 шчупакі і адзін залаты карась – усе гэта склала немаленькі ўрон, які нанесены навакольнаму асяроддзю – 6 936 рублёў.

Узбуджана крымінальная справа па ч.4 арт.281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, праводзяцца следчыя дзеянні. Санкцыя суда прадугледжвае і пазбаўленне волі. Трэба пагасіць гэты велізарны ўрон…

Хочацца звярнуць увагу і гэтых мужчын, і ўсіх тых, хто яшчэ не выкінуў свае браканьерскія прылады: толькі законапаслухмяныя рыбаловы з вудамі і спінінгамі могуць адчуваць сябе спакойна на берагах вадаёмаў. На тыя сумы штрафаў і ўрону, якія неабходна пасля выплаціць, гэтыя двое мужчын маглі б купляць рыбу кожны дзень некалькі гадоў запар.

Дзяніс ВАЛОШЧЫК, старшы следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.