“Галава сівая, ды душа маладая”

Напрыканцы мінулага тыдня ў Івацэвіцкім ТЦСАН прайшоў абласны шашачны турнір “Галава сівая, ды душа маладая”, які быў прысвечаны Дню пажылога чалавека. Арганізатарам выступіла аддзяленне дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту (кіраўнік Святлана Аўрусевіч), на спаборніцтвы прыбылі каманды з Ляхавічаў, Пружан, Бярозы, дзве – з Драгічына. Судзейская калегія – А. Андрыяшка, Л. Ляўчук, С. Матусевіч.

І вось шашысты ўключыліся ў барацьбу. Хаця нашу каманду прадстаўлялі даволі моцныя шашысты – В. Дзягцярык, А. Кавалевіч, К. Ятчэня, тым не меней, і з гэтых суседніх раёнаў прыехала шмат моцных ігракоў. Першае агульнакаманднае месца заваяваў калектыў з Пружан, на другім месцы Івацэвічы, на трэцім – Бяроза. Нашы шашысты – К. Ятчэня і А. Кавалевіч – занялі другое і трэцяе месца ў асабістым першынстве.

Пакуль журы падводзілі вынікі, цудоўную канцэртную праграму прысутным падарыў спявак з Івацэвіцкага ГДК У. Краўцоў. Удзел у канцэртнай праграме бралі ўсе прысутныя – і спявалі разам, і іншыя творчыя навыкі дэманстравалі. Прынялі рашэнне такія турніры праводзіць і надалей. Кіраўніцтва аддзялення выказвае падзяку спонсарам – ГА “Белая Русь” (кіраўнік Дзяніс Пакалюк) і індывідуальнаму прадпрымальніку Вользе Юркевіч.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).