Асцярожна, вадзіцель! На праезнай частцы можа… ляжаць пешаход

Гэтае здарэнне ў сакавіку бягучага года адбылося на вул. Савецкай г.п. Целяханы. 36-гадовы мясцовы жыхар А. М., калі на гадзінніку была амаль поўнач, сеў за руль свайго легкавіка Аўдзі А4, што стаяў на прыдамавой тэрыторыі. А. М. уключыў святло фар, заднюю перадачу і асцярожна, каб не зачапіць суседнюю машыну, здаў назад. Пасля ўключыў першую перадачу. Але калі “Аўдзі” праехала літаральна некалькі метраў, то А. М. адчуў, як машына наехала і пераехала нейкую перашкоду, якой тут ніколі не было . Мужчына спыніў машыну, выскачыў з салона і аслупянеў ад жаху: з-пад легкавіка з аднаго боку тырчаць ногі чалавека, а з другога боку – галава.

А. М. хутка кінуўся ўздымаць легкавік на дамкрат, каб зменшыць пакуты чалавека, які быў прыдушаны яго машынай і толькі стагнаў. Пасля пабег у бліжэйшую кватэру, каб выклікаць “хуткую”… На той момант стан пацярпелага Г. С. – 62-гадовага мужчыны з Целяхан – быў цяжкі, тым не меней, ён нават змог размаўляць з прыбыўшымі на месца здарэння людзьмі. З-пад легкавіка Г. С. дапамаглі дастаць целяханскія выратавальнікі, пасля яго забрала “хуткая”, але шанцаў выжыць у яго не было; раніцай наступнага дня гэты мужчына, які атрымаў шматлікія раненні, памёр. На прыдамавой тэрыторыі ён ляжаў таму, што ў тую злашчасную ноч знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, рухаўся па прыдамавой тэрыторыі вышэйзгаданага дома па вул. Савецкай, упаў, заснуў…

І больш ніколі не ўстаў на ногі.

Была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да вадзіцеля. Праведзеныя экспертызы засведчылі: А. М., калі б быў уважлівым, абачлівым і асцярожным, як патрабуюць Правілы дарожнага руху, мог убачыць чалавека, які ляжыць на прыдамавой тэрыторыі. А. М., выязджаючы са стаянкі, засяродзіў увагу на суседнім аўтамабілі, каб не закрануць яго. Іншыя дарожныя абставіны не ўлічыў.

У ходзе судовага пасяджэння А. М. прызнаў сябе поўнасцю вінаватым, паведаміў, што вельмі перажывае з-за здарэння. У яго цяжкае фінансавае становішча, аўтамабіль знаходзіцца пад арыштам, таму ён адправіў толькі па 200 рублёў пацярпелым – дзецям загінуўшага Г. С.. Па магчымасці ён намераны прыняць усе меры па кампенсацыі нанесенага ўрону.

Дачка загінуўшага прасіла пакараць А. М. па ўсёй строгасці Закона. Г. С. працаваў на Целяханскім ЗСВ, падтрымліваў і дапамагаў сваім дзецям. Пацярпелыя сын і дачка запатрабавалі спагнаць па 25 000 рублёў маральнага ўрону на кожнага і яшчэ 450 рублёў – кампенсацыя панесеных расходаў па аплаце юрыдычнай дапамогі.

Суд прызнаў А. М., 36-гадовага жыхара Целяхан, вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыў пакаранне – тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартным сродкам на тры гады. Прынята рашэнне — спагнаць з А. М. на карысць сына і дачкі загінуўшага Г. С. па 10 000 рублёў кожнаму – кампенсацыя маральнай шкоды, а таксама 450 рублёў — кампенсацыя расходаў па аплаце юрыдычнай дапамогі…

Прысуд уступіў у законную сілу.

***

Ёсць устойлівы выраз: Правілы дарожнага руху трэба выконваць, бо кожны іх пункт напісаны крывёй людзей, якія загінулі ў выніку ДТЗ. Колькасць аўтамабіляў на нашых дарогах павялічылася ў разы, дарожная абстаноўка ўскладнілася. Усё гэта патрабуе быць максімальна абачлівым кожнаму ўдзельніку дарожнага руху. Не можа не абураць тое, што нецвярозы чалавек можа ляжаць на праезнай частцы, але на праезнай частцы ці блізка каля яе можа аказацца і чалавек, які страціў прытомнасць па прычыне слабага здароўя. І вадзіцелю прадпісваецца прыняць усе меры, каб пазбегнуць здарэння – «вплоть до полной остановки автомобиля”.

Згадваю дарожнае здарэнне, якое разглядалася ў нашым раённым судзе некалькі гадоў таму. Веласіпедыст перасякаў праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе на аўтадарозе М1/Е30 “Брэст-Мінск-Граніца Расійскай федэрацыі” не спешыўшыся, як патрабуюць Правілы дарожнага руху — перасякаў на хаду, круцячы педалямі. Як след — сутыкненне з машынай, вадзіцель якой не чакаў, што на праезнай частцы так хутка з’явіцца веласіпедыст, які загінуў у выніку гэтага ДТЗ. Суд прызнаў вадзіцеля невінаватым, спасылаючыся на вынікі экспертызы. Родзічы загінуўшага аспрэчвалі рашэнне ў судах іншых інстанцый, але безвынікова.

Чаму?

Правілы дарожнага руху прадпісваюць: на пешаходным пераходзе веласіпедыст – гэта пешаход. Веласіпед ён павінен весці ў руках, не ехаць. Калі ён не выконвае дадзенае патрабаванне Правілаў, то рызыкуе жыццём. І не толькі жыццём. Ён рызыкуе тым, што ў выпадку разгляду крымінальнай справы, будзе прызнаны вінаватым, бо кожны ўдзельнік дарожнага руху павінен строга выконваць Правілы, а не дзейнічаць “як мне падабаецца”. Вось яшчэ адна вытрымка з Правілаў: “…кожны ўдзельнік дарожнага руху, які выконвае Правілы, мае поўнае права разлічваць, што і другія ўдзельнікі дарожнага руху будуць выконваць усе дзеючыя патрабаванні”.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.